Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Бацькоўскі клуб у школе: разам да здаровага ладу жыцця

Сёння наспела вострая неабходнасць пошуку шляхоў фізічнага і духоўнага аздараўлення дзяцей, эфектыўных сродкаў развіцця рухальнай актыўнасці, фарміравання імкнення да руху як жыццёвай неабходнасці быць спрытным, моцным, адважным. Хто, як не бацькі, могуць стварыць умовы для прывіцця дзецям неабходных для захавання здароўя навыкаў? Так, сям’я – першая школа маленькага чалавека. Тут з ранняга дзяцінства выхоўваюцца навыкі аховы ўласнага здароўя, фарміруецца патрэба ў фізічным удасканаленні, станоўчае стаўленне да здаровага ладу жыцця. Цяпер школьная фізічная культура не забяспечвае належнага ўзроўню рухальнай актыўнасці дзяцей, што зніжае ўзровень здароўя школьнікаў. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць пошуку новых форм узаемадзеяння школы з сям’ёй.

Бесклапотнасць, радасць, смех, дваровыя гульні – усё гэта сінонімы дзяцінства для хлапчукоў і дзяўчынак XX стагоддзя. Сучасныя ж дзеці нарадзіліся ў інфармацыйным грамадстве.
Яны мала рухаюцца, мала гуляюць. Калі ў раскладзе 5–6 урокаў, а затым факультатыўныя заняткі альбо заняткі гуртка, то на рухальную актыўнасць часу ўжо не застаецца. А калі дзеці, да таго ж, не наведваюць, напрыклад, такія аб’яднанні па інтарэсах, як танцы і гімнастыка, не займаюцца якім-небудзь відам спорту, то і не спраўляюцца нават з элементарнай праграмай вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе».

Ні для каго не сакрэт, як шмат значыць для дзіцяці прыклад старэйшых. На наш погляд, толькі сумесная дзейнасць педагогаў, бацькоў і дзяцей можа выклікаць цікавасць школьнікаў да культуры здароўя. У сувязі з гэтым у нашай установе адукацыі была рэалізавана ідэя аднавіць практыку пераемнасці і даць бацькам магчымасць сваім прыкладам закласці асновы рухальнай актыўнасці дзяцей. Гэта і стала асноўнай мэтай нашага педагагічнага эксперыменту па правядзенні фізкультурна-аздараўленчай работы з бацькамі.

Канюхоўскія яслі-сад – сярэдняя школа – гэта маленькая дзяржава з даўно сфарміраванай філасофіяй: школа бацькоў – школа настаўнікаў – школа дзяцей. Усе тры звёны ўзаемазвязаны і пастаянна развіваюцца. Аднак мы сутыкнуліся з тым, што бацькі часцей за ўсё выступаюць у ролі гледачоў, а не ў якасці ўдзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў. Канешне, арганізацыя ўзаемадзеяння з сям’ёй – цяжкая справа, якая не мае гатовых тэхналогій і рэцэптаў. Поспех вызначаецца інтуіцыяй, ініцыятывай і цярплівасцю педагога, яго ўменнем стаць прафесійным памочнікам. Каб быць сапраўдным прапагандыстам ідэй, форм і метадаў выхавання здаровага ладу жыцця, усёй фізкультурна-аздараўленчай работы з дзецьмі, педагог павінен служыць узорам. Толькі пры гэтай умове бацькі з даверам паставяцца да рэкамендацый настаўніка і ахвотна пойдуць з ім на кантакт.

У арсенале нашай адукацыйнай установы ёсць шэраг апрабаваных і эфектыўных форм работы з бацькамі: гутаркі, кансультацыі, выстаўкі спецыяльнай літаратуры па рухальнай актыўнасці, сумеснае афармленне тэматычных куткоў і стэндаў, спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы, флэшмобы. Такія формы работы даюць добрыя вынікі: удасканальваюцца веды па ўмацаванні здароўя дзяцей, ствараецца атмасфера даверных адносін паміж навучэнцамі, педагогамі і бацькамі, прычым апошнія адчуваюць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Апрача таго, з мэтай прыцягнення бацькоў да работы па зберажэнні здароўя дзяцей і фарміравання ў іх імкнення да здаровага ладу жыцця, тры гады таму на базе нашай школы быў арганізаваны бацькоўскі клуб «Здаровы лад жыцця». Такая форма ўзаемадзеяння дапамагла педагагічнаму калектыву трансліраваць вопыт кожнай сям’і, стымуляваць дзяцей і бацькоў да выкарыстання практыкі іншых удзельнікаў клуба і самастойнага пошуку разнастайнай інфармацыі па тэме здароўя. Галоўная ўмова поспеху сустрэч – добраахвотнасць і ўзаемная зацікаўленасць. Удзельнікамі, апрача бацькоў, з’яўляюцца педагогі і навучэнцы, якія імкнуцца паглыбіць свае веды пра здароўе, весці і прапагандаваць здаровы лад жыцця.

Мэта клуба – фарміраванне ў навучэнцаў імкнення да ўмацавання свайго здароўя і развіцця фізічных здольнасцей на аснове арганізацыі сумесных пазакласных заняткаў па фізічнай культуры ў школе і па месцы жыхарства з бацькамі і іншымі суб’ектамі адукацыйнай прасторы.


Задачы: арганізаваць маніторынгавыя працэдуры па вывучэнні стану здароўя навучэнцаў і іх адносін да свайго здароўя, адпаведнасці школьнага асяроддзя сучасным патрабаванням бяспекі здароўя; ажыццявіць псіхолага-педагагічную асвету навучэнцаў і бацькоў па пытаннях здароўя, бяспекі і асаблівасцей фізічнага развіцця; вывучыць і сфарміраваць банк сучасных форм і метадаў работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін; арганізаваць сістэму спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў для дзяцей і бацькоў.

Заняткі вядуцца па агульнай фізічнай падрыхтоўцы (АФП), пілатэсу, праводзіцца музычна танцавальная «Гульнявая аэробіка». Адзін з варыянтаў заняткаў па АФП, напрыклад, складаецца з трох частак: падрыхтоўчай (выкананне пробы Руф’е з наступнай карэкціроўкай комплексу фізічных практыкаванняў па карце індывідуальнага рэжыму, нізкадынамічны комплекс аднаўленчай гімнастыкі, умераны бег), асноўнай (першая палова праводзіцца стацыянарным метадам, а другую займаюць рухомыя і спартыўныя гульні), заключнай (фізічныя практыкаванні, накіраваныя на расслабленне розных груп мышцаў, здыманне напружання, дыхальныя практыкаванні). Пілатэс і АФП развучваюцца, пакуль удзельнікі клуба не ўпэўняцца ў правільным засваенні тэхнікі і гатоўнасці самастойна выконваць практыкаванні ў хатніх умовах.

Асаблівае месца на занятках адводзіцца фарміраванню ўмення самастойна распрацоўваць і выкарыстоўваць гімнастычныя комплексы дома. Бацькам даюцца дакладныя звесткі пра тэхніку, паслядоўнасць, дазіроўку, умовы бяспечнага выканання. Гэту інфармацыю можна атрымаць у рэжыме аддаленага доступу (на старонцы клуба на сайце школы). Там жа размешчаны буклеты, відэаролікі пра здароўезберагальныя тэхналогіі, парады і рэкамендацыі па аптымізацыі рухальнага рэжыму.

Гульнявая аэробіка ў асноўным выконваецца для аднаўлення сіл і забеспячэння добрай спартыўнай формы. Выкарыстоўваецца на пазакласных мерапрыемствах і для арганізацыі вольнага часу на вечарах, дыскатэках або ў коле сяброў. Сродкамі гульнявой аэробікі на пазітыўным эмацыянальным фоне забяспечваецца ўсебаковае развіццё фізічных якасцей, удасканальваюцца рухальныя ўменні і навыкі. Гульнявая аэробіка спрыяе фарміраванню ў дзяцей і іх бацькоў станоўчай цікавасці і дзейнаснай матывацыі да рухальнай актыўнасці, а таксама паляпшэнню паказчыкаў фізічнага развіцця і падрыхтаванасці тых, хто ёй займаецца.


У шосты дзень тыдня ў клубе звычайна праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы – дні здароўя, святы, спартакіяды («Мама, тата, я – спартыўная сям’я», «Самая спартыўная мама» і інш.), спаборніцтвы на роварах, лёгкаатлетычны крос.Традыцыйнымі сталі пешыя прагулкі па лесе і катанне на каньках у турыстычным комплексе «Пышкі» падчас канікулаў. Сумесныя паходы настаўнікаў, бацькоў і дзяцей здольны моцна паўплываць на светапогляд навучэнцаў.

У выніку дзейнасці клуба «Здаровы лад жыцця» былі дасягнуты канкрэтныя поспехі па аптымізацыі
рухальнай актыўнасці школьнікаў на аснове фізкультурна-аздараўленчай работы з бацькамі:

• значна павысіліся ўзровень выхавання фізічных якасцей дзяцей, бацькоў і педагогаў, эфектыўнасць фарміравання жыццёва важных рухальных навыкаў;
• павялічылася цікавасць дзяцей да розных відаў фізічных практыкаванняў;
• змяніўся стыль зносін паміж дзецьмі і бацькамі (стаў дыялагічным), навучэнцы сталі больш дружнымі;
• сфарміраваны навыкі самарэгуляцыі, арыентацыі ў розных сітуацыях, уменне прыняцця правільных рашэнняў;
• сфарміравалася ўважлівасць, што дазволіла хутчэй успрымаць рухальныя заданні і выконваць іх
больш якасна;
• павысілася ініцыятыўнасць навучэнцаў: дзеці імкнуцца да арганізацыі розных гульняў, спрабуюць самастойна выконваць досыць цяжкія рухальныя заданні.

Перакладаючы вынікі на мову сухіх лічбаў, можна з поўным правам канстатаваць, што кагнітыўны
ўзровень разумення асноўных дэфініцый рухальнай культуры і здаровага ладу жыцця павялічыўся на 56,2 %, кампетэнтнасць у спосабах аптымізацыі рухальнай актыўнасці і ацэнкі яе ўплыву на агульны стан арганізма – на 67,5 %. Распрацаваная методыка індывідуалізацыі і аптымізацыі рухальнай актыўнасці на пазакласных занятках у секцыі АФП забяспечвае высокі ўзровень развіцця рухальных якасцей і спрыяе паляпшэнню здароўя.



Гульнявая аэробіка
Прыг-скок
Стоячы тварам да «стэпу», па сігнале падняцца і апусціцца. Выйграе той, хто выканае большую колькасць уздымаў за 1 хвіліну.
Адгадай танец
У адпаведнасці з музыкай (рок-н-рол, твіст, фанк, полька і інш.) выконваць танцавальныя рухі. Хто першы правільна пачне выкананне танца, той і выйграе.
Танец у ластах
Стоячы ў парах, удзельнікі выконваюць танцавальныя рухі. Стыль мелодыі змяняецца з паступовым ускладненнем рухаў. Выйграе пара з самым выразным танцам.


ТЭКСТ: МАРЫЯ КОЎШЫК, настаўніца Канюхоўскіх яслей-сада – сярэдняй школы Гродзенскага раёна,
ПАВЕЛ СНЯЖЫЦКІ, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук
ФОТА: з архіву Канюхоўскіх яслей-сада – сярэдняй школы