Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Здароўе маё – адказнасць мая!

Здаровы лад жыцця – амаль што цэнтральная тэма ўсіх класных гадзін і іншых школьных мерапрыемстваў. Адна з самых важных, але і з самых «зацёртых». Сапраўды, аб ёй столькі гавораць, што, здаецца, цяжка ўжо прыдумаць нешта новае, арыгінальнае, прыцягальнае для вучняў… Ці гэта не так?

Тэма здаровага ладу жыцця здаецца «зацёртай» толькі на першы погляд. Яна кранае столькі акуальных аспектаў нашага жыцця: рацыянальные харчаванне, ражым працы і адпачынку, здаровыя міжасабовыя адносіны, фізічная актыўнасць, добрыя звычкі! Трэба толькі па-творчы падыйсці да выкладання. У якасці прыклада прапаную невялікую класную гадзіну для пачатковых класаў «Здароўе маё – адказнасць мая!».
Задачы: пашырыць уяўленне дзяцей аб здаровым ладзе жыцця; спрыяць фарміраванню станоўчых адносін да здароўя як найвялікшай чалавечай каштоўнасці; садзейнічаць выхаванню ў дзяцей пачуцця адказнасці за ўласнае здароўе, здароўе сям’і і грамадства ўвогуле.
Матэрыялы і абсталяванне: мультымедыйны праектар; малюнкі вучняў на тэму «Здаровы лад жыцця»; выстава кніг здароўезберагаючай накіраванасці; лісты паперы А4; ручкі (па колькасці дзяцей).
Арганізацыйна-метадычная частка. Перад заняткам неабходна напісаць на дошцы словы: «наркаманія», «камп’ютарная залежнасць», «таксікаманія», «руферства», «неадэкватнасць», «алкагалізм», «курэнне», «брыдкаслоўе», «раздражнёнасць», «канфліктнасць». А на адваротным баку – тэму класнай гадзіны, але часткова: «Здароўе маё – адказнасць…».

Ход мерапрыемства

Настаўніца. Дзень добры, шаноўныя вучні! Рада ўсіх вас бачыць. Спадзяюся, што наша сённяшняя сустрэча пройдзе паспяхова, бо наперадзе, на мой погляд, сур’ёзная і актуальная размова.
У вас на сталах лісты паперы. Паспрабуйце ў слупок пералічыць усё тое, што для вас з’яўляецца вельмі значным і каштоўным дзеля таго, каб адчуваць сябе ўпэўнена і шчасліва ў жыцці.

Вучні запісваюць, а пасля зачытваюць свае адказы.

Настаўніца. Звярніце ўвагу на выставу кніг, якая суправаджае наша сённяшняе мерапрыемства. Адкажыце, якой можа быць яго тэма. (Здаровы лад жыцця, здароўе.) Так, але чаму, на ваш погляд, я абрала менавіта такую тэму? (Вучні адказваюць.) А зараз звярніцеся яшчэ раз да сваіх прыярытэтных запісаў. На якім месцы па значнасці ў вас запісаны назоўнік «здароўе»? Ці ёсць у класе тыя вучні, у каго яго ў спісе ўвогуле няма? (Вучні адказваюць.)
Ці ведаеце вы, что значыць такі звыклы выраз «Здароўе – гэта ўсё, а ўсё без здароўя – нічога»? (Вучні адказваюць.) А як вы думаеце, у якім узросце чалавек сур’ёзна пачынае задумвацца аб ўласным здароўі і чаму? (Пасля 35–40, калі пачынаюцца праблемы з самаадчуваннем.)

Падумай і сфармулюй
Вучні дзеляцца на групы і спрабуюць сфармуляваць, што такое здароўе. Настаўніца слухае адказы і зачытвае вызначэнне гэтага слова ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (1996).

Настаўніца. Адкажыце, калі ласка, ці можна лічыць чалавека здаровым толькі за тое, што ён ніколі не хварэе? (Адказы вучняў.) Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што толькі комплекс фізічнага, псіхічнага і сацыяльнага дабрабыту чалавека можа быць гарантам яго сапраўднага здароўя. Давайце падрабязней спынімся на гэтых паняццях. Што ж такое, на ваш погляд, псіхічнае здароўе? (Адказы вучняў.) Так, яно праяўляецца ў тым, што чалавек падабаецца самому сабе такім, які ён ёсць. Ён задаволены сваімі дасягненнямі і можа зрабіць высновы са сваіх памылак. Для падтрымання псіхічнага здароўя неабходна ўмець адпачываць, атрымліваць новыя ўражанні, мець пазітыўныя зносіны з сябрамі, перажываць станоўчыя эмоцыі.
А што трэба для таго, каб быць здаровым сацыяльна? (Падтрымліваць добрыя зносіны з тымі, хто побач.) Сапраўды, такія людзі паважаюць чужыя правы і могуць адстаяць свае, умеюць знаходзіць новых сяброў, выказваць свае патрэбы так, каб быць пачутымі, і без негатыву.
А што з’яўляецца фізічным здароўем? Якія фактары, на вашу думку, на яго могуць паўплываць? (Адказы вучняў.) Зразумела, галоўны паказчык фізічнага здароўя – гэта такі лад жыцця, які накіраваны на яго умацаванне і прадухіленне хвароб: фізічная актыўнасць, аптымальны рэжым адпачывання, збалансаванае харчаванне і адмова ад дрэнных звычак.

Падумай і скажы
Трэба напісаць і агучыць тое, што адмоўна ўплывае на здароўе.

Настаўніца. Пагаворым пра некаторыя моманты асацыяльных паводзін.

Прагляд сацыяльных ролікаў па здароўезберажэнні і іх абмеркаванне.

Настаўніца. Звярніце ўвагу на дошку. Што з запісанага на ёй, на ваш погляд, з’яўляецца самым небяспечным і чаму? (Адказы вучняў.) Колькі розных меркаванняў! Але што іх абагульняе? (Звяртае вучнёўскую ўвагу на дошку, дзе часткова запісана тэма занятку.) Так, калі мы не прымем адказнасць за сваё здароўе, то і жыццё наша будзе пушчана на самацёк...

Рэфлексія
Настаўніца. Давайце ўсе разам падсумуем вынікі нашай сённяшняй размовы. Якія высновы зрабілі вы пасля яе? (Адказы вучняў.) Дзякуй за шчырую размову! Памятайце, што наша здароўе належыць толькі нам! Берагчы яго – наша адказнасць!


АЛА ПРОХАРАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, сярэдняй школы № 7 г. Наваполацка