Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Вадохрышча, або Ноч святой вады

Высокія духоўна-маральныя якасці асобы на працягу ўсёй гісторыі развіцця культуры мелі найважнейшую ролю ў станаўленні і развіцці чалавека і грамадства. Сучасны соцыум, на жаль, вызначаецца крызісам духоўных і маральных каштоўнасцей. Усеагульны прагматызм, культ спажывання, маральная дэградацыя, беспрынцыповасць, цынізм, рост падлеткавай злачыннасці, суіцыдаў, распаўсюджванне шкодных звычак сярод моладзі – усё гэта сведчанне складанага пераходнага перыяду ў духоўным развіцці нашага грамадства.

Зварот праз сістэму адукацыі да ідэі духоўна-маральнага выхавання дзяцей як асноўнай умовы адраджэння сучаснага грамадства і чалавека невыпадковы. Галоўнай задачай школы з'яўляецца фарміраванне асобы, прасякнутай духам роднай культуры. Бясспрэчна тое, што ў грамадстве нацыянальны фактар паступова страчвае выхаваўчае ўздзеянне на фарміраванне маральнасці і патрыятызму, таму неабходна адраджаць і патрыятызм, і маральнасць у вучняў праз мэтанакіраванае распаўсюджванне культуры нашых продкаў, гераічнага, слаўнага мінулага Беларусі.

Духоўна-маральнае выхаванне – гэта перадача дзецям тых ведаў, якія складюць іх духоўнасць на аснове традыцыйнай маралі, фарміраванне навыкаў паводзін і жыццядзейнасці на базе духоўна-маральных каштоўнасцей, выпрацаваных хрысціянскай культурай на працягу тысячагоддзяў. Духоўна-маральнае выхаванне як стрыжань фарміравання высокамаральнай асобы, грамадзяніна і патрыёта з'яўляецца неад'емнай часткай агульнага вучэбна-выхаваўчага працэсу, які ажыццяўляецца ў сістэме айчыннай адукацыі.

Традыцыйная педагогіка мае на мэце фарміраванне і выхаванне чалавека, арыентаванага на дабрыню, любоў, шчырасць, працавітасць, ісціну, павагу, спагаду, спачуванне да іншых людзей, што адпавядае праваслаўным каштоўнасным арыенцірам, якія вызначаюць сэнс жыцця чалавека як бесперапыннае духоўна-маральнае яго ўдасканаленне, а таксама на фарміраванне ў дзяцей і падлеткаў высокай патрыятычнай свядомасці, любові і вернасці сваёй Айчыне, адданасці свайму народу, гатоўнасці на ахвяры і подзвігі ў імя інтарэсаў Радзімы.

Аднак паняцце патрыятызму ўключае ў сябе не толькі любоў да краіны наогул, але і да сваёй малой радзімы, да бацькоўскага дому, да родных і блізкіх, да духоўнай спадчыны. Вывучаючы гісторыю і культуру сваёй радзімы, роднага краю, вучні не толькі набываюць веды, яны знаёмяцца з адметнымі рысамі і характарам сваіх продкаў, іх традыцыямі і культурай. Сучасная школа павінна вырашаць жыццёва важныя задачы рэалізацыі каштоўнасных асноў адукацыі, адной з якіх з'яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Цяпер ад школы патрабуецца стварэнне цэласнай сістэмы па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных арыенціраў у вучняў.

Для дасягнення мэты па духоўна-маральным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні школа вырашае наступныя задачы: вывучэнне гісторыі і культуры свайго краю; выхаванне пачуцця любові, гонару за сваю Радзіму, гатоўнасці яе абараняць; развіццё ў падлеткаў павагі, міласэрнасці і спагады да састарэлых, ветэранаў, людзей працы; стварэнне неабходных умоў для выхавання патрыятызму як духоўнага складальніка асобы грамадзяніна.

Патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне пачынаецца з разумення каштоўнасці Радзімы. Спачатку дзеці ўсведамляюць сваю прыналежнасць да калектыву, класа, школы, народа, радзімы. А вяршыняй патрыятычнага выхавання з'яўляецца ўсведамленне сябе грамадзянінам сваёй краіны.

Задача педагогаў школы – спланаваць такія формы працы, якія выклікаюць цікавасць у школьнікаў, дзе праца будзе наладжана па ініцыятыве саміх вучняў. Гэтаму служыць факультатыў «Асновы духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання». Менавіта тут вучні актыўна далучаюцца да беларускай традыцыйнай культуры, пазнаюць гісторыю яе станаўлення і развіцця, пашыраюць веды аб народнай этыцы, традыцыйных рэлігійных вераваннях нашага народа, маральных, інтэлектуальных, эстэтычных каштоўнасцях грамадства, выдатных асобах, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё культуры. Менавіта тут адбываецца развіццё творчых здольнасцей вучняў, фарміруецца іх эстэтычны густ, выпрацоўваюцца практычныя навыкі, неабходныя ў бытавой дзейнасці падлеткаў і дзяцей.

Будучыня любой краіны, любой нацыі – гэта маладое пакаленне. У залежнасці ад таго, як мы выхоўваем дзяцей, як рыхтуем іх да дарослага жыцця, залежыць лёс дзяржавы і ўсяго грамадства.

У якасці прыкладу аднаго з мерапрыемстваў у рамках факультатыва прапаную ўрок «Вадохрышча, або Ноч святой вады».

Мэта – знаёмства вучняў з гісторыяй узнікнення, традыцыямі святкавання, сімваламі хрысціянскага свята Вадохрышча.

Задачы: пазнаёміць вучняў са святам Вадохрышча, з біблейскай гісторыяй яго ўзнікнення, традыцыямі святкавання яго нашымі продкамі, а таксама з сімваламі гэтага дня; развіваць самастойнасць, ініцыятыўнасць, творчыя здольнасці вучняў; заахвочваць іх да засваення сістэмы агульначалавечых, культурных і духоўных каштоўнасцей беларускага народа; выхоўваць павагу да духоўных норм хрысціянскай маралі, традыцый і звычаяў нашых продкаў, базавых нацыянальных каштоўнасцей сучаснага грамадства.

Матэрыялы и абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя; нацельны крыжык; выявы анёла-ахоўніка, галубоў; вада, цукеркі; загатоўкі печыва (круглай і крыжападобнай формы); ягады; джэм; палачкі-шпажкі; сурвэткі; абрус; вышыты ручнік; талеркі.

Ход ўрока
І. Арганізацыйна-мабілізуючы этап
Настаўніца. Добры дзень! (Дэманструе школьнікам нацельны крыжык.) Ці ведаеце вы, як называецца гэты прадмет? (Адказы вучняў.) Сапраўды, гэта нацельны крыжык, які кожны хрысціянін атрымлівае ў час таінства хросту. Калі на свет нараджаецца маленькае дзіцятка, яно зусім безабароннае. Бацькі, безумоўна, імкнуцца абараніць яго ад усяго злога і дрэннага. З часоў узнікнення хрысціянства гэтым абярэгам з’яўляецца таінства хросту. Немаўлятка прыносяць у храм. Тут яно атрымлівае хрысціянскае імя, святар асвячае крыжык і дорыць яго маленькаму як абярэг. Пры гэтым дзіця тройчы акунаюць у ваду – хрысцяць яго. Лічыцца, што пасля гэтага абраду яно атрымлівае анёла-ахоўніка (дэманструе адпаведную выяву). Ён заўсёды з дзіцяткам і, як кажуць у народзе, падстаўляе свае рукі, каб абараніць нованароджанага ў небяспечныя хвіліны.

ІІ. Паведамленне тэмы ўрока. Мэтавызначэнне
Настаўніца. Сёння наш урок называецца «Вадохрышча, або Ноч святой вады». Мы даведаемся, адкуль з'явілася традыцыя хрышчэння ў нашай культуры, пазнаёмімся з Вадохрышчам, гісторыяй яго ўзнікнення, згадаем сімвалы і традыцыі святкавання гэтага дня нашымі продкамі, а таксама пабудзем удзельнікамі невялікага майстар-класа па прыгатаванні абрадавага печыва і абавязкова паспрабуем яго.

ІІІ. Аперацыйна-пазнавальны этап
Паказ прэзентацыі з каментарыямі да слайдаў.
 

ІV. Этап самакантролю
Настаўніца. А цяпер я прапаную вам пагуляць і адначасова праверыць, наколькі добра вы запомнілі традыцыі святкавання Вадохрышча нашымі продкамі. Праз QR-код пераходзім да гульні.

Гуляем – многа знаем
Трэба як мага хутчэй і правільна адказаць на 10 пытанняў.  

Падвядзенне вынікаў гульні і ўзнагароджданне пераможцы.

V. Майстар-клас
Настаўніца. Яшчэ адна традыцыя на Вадохрышча – выраб крыжоў, або крастцоў (абрадавае печыва). Святочнае снеданне нашы продкі пачыналі менавіта з іх (на экране дэманструюцца крастцы). Ці зразумела вам, чаму яны маюць такую назву? (Да.) Запрашаю вас на невялікі майстар-клас. Вось загатоўкі печыва, ягады, джэм (ляжаць на 1–2 сталах). Ваша задача – ўпрыгожыць крыжы так, як гэта рабілі нашы продкі.
Дзеці аздабляюць крыжы і сервіруюць стол. Ладзіцца сумеснае піццё гарбаты з печывам.


 
VI. Вынікова-рэфлексійны этап
Настаўніца. Напрыканцы нашай сустрэчы я хачу папрасіць вас успомніць наш урок і назваць слова-асацыяцыю, якое ўзнікае у вас пры думках аб Вадохрышчы. (Адказы вучняў.) Што было самым запамінальным на сённяшнім занятку? (Адказы вучняў.) Я рада, што вам спадабалася. Хай анёл-ахоўнік ніколі не пакідае вас і сваёю нябачнаю рукою ахіляе вас ад усяго злога і дрэннага! Дзякуй за актыўнасць. Да новых сустрэч!


МАРЫЯ ГАЛУСКА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 г. Мінска
ФОТА: з архіву гімназіі № 3 г. Мінска