Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

У Дзядзькi-кухар

Створанае аднойчы ніколі не застанецца пакінутым. Менавіта гэта даказалі вучні мінскай сярэдняй школы № 119, якія разам са сваёй настаўніцай распрацавалі ў рамках бізнес-гульні «Холдзiнг “VITA”» літаратурны конкурс, прысвечаны прапагандзе страў беларускай кухні і культуры краіны.

Мэта: стварэнне ўмоў для пашырэння матывацыйнага асяроддзя ва ўстанове адукацыi па падтрымцы здаровага ладу жыцця.

Задачы:
•    фармiраваць культуру здаровага харчавання на аснове кулiнарных традыцый беларускага народа;
•    развiваць матывацыю да вывучэння беларускай лiтаратуры, мовы;
•    пашырыць слоўнiкавы запас навучэнцаў;
•    стварыць умовы для прафесiйнага выбару старшакласнiкаў;
•    выхоўваць пачуццё гонару за свой народ, традыцыі i краiну.

Матэрыялы і абсталяванне: праектар; прэзентацыя; галерэя лiстоў з рэцэптамi нацыянальных беларускiх страў; 5 сталоў для страў кожнай кампанii, 5 сталоў (офiсаў) для канкурсантаў.

Падрыхтоўка

Клас стаў холдзiнгам (пра прынцыпы яго стварэння можна прачытаць у часопісе «Здоровый образ жизни», № 8, 2019, с. 3–18). Падлеткi падзяліліся на 5 даччыных кампанiй: Харчаванне, Спорт, Закон, Медыцына, Фiтнес. Пры гэтым кожнаму вучню належыць пэўная роля: кiраўнiк, работнiк (спецыялiст), аналiтык, статыст, кур’ер. Прыкладныя абавязкi кожнай пасады:
•    кiраўнiк арганiзуе работу групы;
•    работнiк творча перапрацоўвае лiтаратурны тэкст, састаўляе меню;
•    статыст праводзiць падлiк iнгрэдыентаў пры стварэнні меню, балаў кампанii (на конкурсе);
•    кур’ер рыхтуе стол для прэзентацыi страў, абрус, кветкi, посуд, аб’яву;
•    аналiтык складае справаздачу і аналiзуе ход конкурсу.
Настаўнiк прапаноўвае кампаніям творы беларускіх пісьменнікаў (Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Янкi Маўра i iнш.), па матывах якіх вучнi будуць ствараць меню i гатаваць стравы.
Класны кiраўнiк праводзiць класную гадзiну «Беларуская нацыянальная кухня» і сход, на якiм распавядае пра конкурс бацькам і заручаецца іх падтрымкай. Кампанiя «Харчаванне» адказвае за падрыхтоўку конкурсу і распрацоўвае прэзентацыю.

Метадычныя рэкамендацыi

1. Пажадана пастаянная праца настаўнiка з кожнай групай iндывiдуальна.
2. Прыгожа аформлены лiст з меню i стравы вучанiцы адносяць на падрыхтаваныя сталы з назвамі кампанiй, якія аздоблены абрусамi, кветкамi, вазамi, партрэтамi пiсьменнiкаў.
3. Стравы павiнны быць прыгатаваны ў адпаведнасцi з меню, але прадстаўлены могуць быць не ўсе, а толькi тры-чатыры (на выбар кампанii).
4. На конкурс запрашаюцца бацькi навучэнцаў, а таксама ўсе жадаючыя.

Сістэма ацэньвання

Адпаведнасць кожнаму крытэрыю выражана ў балах:
•    найбольш поўна адпавядае – 3 балы;
•    дастаткова поўна – 2 балы;
•    часткова –1 бал;
•    не адпавядае – 0 балаў.



Ход конкурсу

Дзеянне адбываецца ў школьнай сталоўцы (калi яна вялiкая) або ў актавай зале. Гучыць песня «Мой родны кут» («Песняры»). Гасцей сустракаюць хлопцы i дзяўчаты, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, гасцiнна вiтаюць i праводзяць да столiкаў.

Настаўнiк. Сябры! Вiтаю на конкурсе лiтаратурных меню «У дзядзькi-кухара». Сёння змагаецца 5 кампанiй холдзiнга «VITA»: Харчаванне, Спорт, Медыцына, Закон і Фiтнес. Кампанii, прашу заняць свае офiсы (вучнi садзяцца за сталы).

Абвяшчаецца склад журы (загадчык вытворчасцю школьнай сталоўкi, настаўнiк абслугоўваючай працы, настаўнiк бiялогii, сацыяльны педагог). На слайдзе паказваецца сiстэма ацэньвання. Настаўнiк пералiчвае асноўныя крытэрыi ацэнкi работы.

Настаўнiк. Дарагiя сябры, жыццё – гэта цуд. А той, хто любiць жыццё ва ўсiх яго праявах, хоча жыць доўга i шчаслiва. Таму i сочыць за здароўем. І перш за ўсё думае пра сваё харчаванне. Бо мы жывем у эпоху павышанай рызыкi: ежы многа, прычым, рознай, яна даступная. Арганiзм чалавека яшчэ не ўспеў прыстасавацца. Вось i атрымалася, што пераяданне – хвароба ХХІ стагоддзя.

Але выйсце ёсць! Элеанора Капiтонава, доктар медыцынскх навук, лiчыць, што традыцыйная беларуская кухня iдэальная з пункту гледжання здаровага харчавання! Бо дапамагае прадухiлiць развіццё розных захворванняў, 85 % з якіх звязаны з харчаваннем.

Вядучы 1. Сярэднестатыстычны беларус ведае аб iтальянскай цi кiтайскай кухнi больш, чым аб роднай. Такая лёгкая зняважлівасць у адносiнах да нацыянальных кулiнарных традыцый звязана з прадузятым ўяўленнем пра «шкоднасць i каларыйнасць» некаторых беларускiх страў. Мiж тым продкi пакінулі нам не толькi смачную, але вельмi карысную i здаровую кухню. Сёння мы пачастуем яе стравы i пераканаемся ў гэтым.
Вядучы 2. Аднак спачатку бліц-конкурс. Кожнай кампанii трэба падрыхтаваць адказы на хітрыя пытаннi. На ўсё – 2 хвiлiны.

Блiц-конкурс

1. Сусветная суполка лепшых шэф-кухараў свету (World Master Chefs’ Society) прыняла ў свой склад беларускага шэфа. Ён стаў першым i пакуль што адзiным уладальнiкам такога звання сярод кухараў Беларусi, Рассii i краiн СНГ. Назавiце яго iмя (Антон Каленiк.)
2. Чаму старажытная беларуская кухня падыходзіць пад усе модныя сёння сістэмы здаровага харчавання? Па якіх дыеталагічных прынцыпах здаўна складалася меню беларусаў на святы? (Беларусы кiравалiся 5 прынцыпамi здаровага харчавання: дранiкi – толькi ранiцай; «не» салодкаму; грыбы як лекі; булачкi толькi па святах; ужывалi травы – сныць, крапiву. Смажанне нiколi не было пaпулярным у беларусаў, у асноўным ежу гатавалi праз запяканне, тушэнне або варку.)
3. Па меркаванні Эмiля Юна, аднаго з лепшых французскіх кухараў, высокая кухня звяртаецца адразу да пяцi пачуццяў: асязанню, абанянню, зроку, слыху i смаку. А што павiнна быць у талерцы, па яго меркаванню, каб усё гэта адчуваць? (Адна частка жорсткасцi (перац, воцат, пранасцi), тры часткi сiлы i шэсць частак пясчотнасцi.)

Вядучы 2. Час скончыўся. Калi ласка, вашы адказы (Адказы кампанiй.)
Вядучы 2. Журы падлiчвае балы, а мы пераходзiм да лiтаратурных меню.
Вядучы 1 (звяртаецца да Вядучага 2). З чаго пачнём?
Вядучы 2. Канешне, з хлеба. Нездарма ён ужо шмат стагоддзяў застаецца асновай харчавання. У iм многа палезнай клятчаткі, мiнералаў.
Настаўнiк. А я яшчэ помню, як мая бабуля выпякала ржаны хлеб на заквасцы, на бурачковым лісце, у печы, як гавораць, «на попелу». Гэты хлеб не чарствеў два тыднi, а пра яго водар i смак я i не кажу!


Вядучы 1. Кампанiя «Харчаванне» прадстаўляе сваё меню па матывах творчасцi Уладзiмiра Караткевiча.
Вучань. Уладзімір Караткевіч запісаны залатымі літарамі ў пантэон беларускіх пісьменнікаў. У нарысе «Зямля пад белымi крыламi» ён пiша, што аснова ўсяго – Хлеб: «Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на паду, на капусных або кляновых лісцях, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці».
Вучань. «Дарэчы, ад хлеба і вылячэнне. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам, – у гарачую пару, калі хлеб не пякуць, – загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пенiцылiн!»
Вучань. А вось урывак з гiстарычнага дэтэктыва «Дзiкае паляванне караля Стаха» (адзiн вучань чытае за аўтара, другi за Дубатоўка).
Вучань. Стол ламаўся ад страў: відаць, Дубатоўк быў з мясцовых заможных шляхцюкоў.
Дубатоўк. Што вы вочы ўтаропілі! Сталічнага чалавека не бачылі, мядзведзі, ці што? А ну, дапамажыце госцю, пакладзіце на яго блюда, што вам па густу.
Вучань. Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з бруснічным варэннем, індыковая ножка з яблыкамі, салёныя грыбы, дзесятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было:
Вучнi. А вось пампушкі з часнаком... А вось, пане, кавалак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць. Памяццю маці заклінаючы – вазьміце... А вось цудоўная... А вось незвычайны...
Дубатоўк. Вось як у нас па-беларуску частуюць (рагоча).
Вучань. А гэта што? – спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы.
Дубатоўк. Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі. Еш, браце, сілкуйся.
Вучань. А праз хвіліну, забыўшыся, што рэкамендаваў «губы», крычаў:
Дубатоўк. Не, браце, ты ў мяне адсюль не выйдзеш, не пакаштаваўшы халодных пірагоў з гусінай пячонкай!
Вучанiца. Наша меню – «Белыя крылы радасцi». Закуска: шынка, кумпяк, грудзінка, кілбасы-скруткі, як падковы. Асноўная страва: панцак (пярловы суп з грыбамi), бліны з макам, праснакі (тоўстыя блiны з прэснага цеста), бабка са скваркамi, кiндзюк. Дэсерт: кісель з мядоваю сытою.



Вучанiцы адносяць меню журы i ставяць стравы на падрыхтаваны стол.

Вядучы. Журы ацэньвае меню. А мы запрашаем кампанiю «Спорт».

На слайдзе – I. Мележ «Людзi на балоце».

Вучань. Iван Мележ еў толькi вегетарыянскiя булёны, кашы, але шчодра кармiў сваiх герояў.
Вучань. Пачнем з наведвання сям'і Дамецікаў у Мележавых Куранях падчас Вялікай куцці. Яна служыла пачаткам Каляд і адзначалася з вялікай урачыстасцю, але была посная. Гатаваліся прыкладна такія стравы: селядзец з алеем ці рыба, квас з грыбамі, бліны з макам, аўсяны кісель і, нарэшце, сама куцця (каша).
Вучань. Але вернемся ў Куранi: «Увесь дзень перад “святым вечарам” маці шкрабла нажом стол, лавы, мыла ўсё. Ад ранку ледзь не да самага вечара не тух у печы агонь, варыла, варыла, пякла. Вячэра мусіла быць посная, але трэба было згатаваць нямнога-нямала: дванаццаць страў!.. Вячэра здалася Міканору вельмі доўгаю і сумнаю; ён ледзь дачакаў, калі бацька, нарэшце, паставіць на стол гаршчок з куццёю, налье салодкай вадзіцы-сыты з маку і мёду, паспытаўшы якія можна, не крыўдзячы старых, устаць...»
Вучань. Пасля поснай куцці ідзе шчодрая (або тоўстая). Назва, хутчэй за ўсё, заснавана на дзеяслове «шчадраваць» – хадзіць па хатах, жадаць гаспадарам шчасця і дабра, спяваючы песні-шчадроўкі. «К канцу тыдня Курані зноў заварушыліся. 3 самага ранку перад шчодрым вечарам пацягнуліся ў неба дружныя дымы, пацягнуліся і не ападалі ўжо ўвесь дзень. Не ўціхаў агонь і ў печы ў Міканоравай хаце: кіпела варыва ў чыгунах і чыгунках, цяпер ужо не поснае! – скварчэлі сала і каўбасы на скаварадзе».
Вучанiца. Наша меню – «Палескiя матывы». Закуска: Селядзец з алеем i цыбуляй, селядцовы алей (лёк). Асноўная страва: «капуста» з кiслай капусты, клёцкi з цёртай бульбы, начыненыя мясам, блiны з бульбай, бруснiцамi. Дэсерт: аўсяны кiсель, залiўны пiрог з агароднiнай на кефiры.

Вядучы. Журы ацэньвае меню. А мы запрашаем кампанiю «Медыцына».

На слайдзе ўзнікае Максiм Танк.

Вучань. Мы пайшлi іншым шляхам і вывучылi кулiнарныя густы i прыхiльнасцi самiх пiсьменнiкаў. Сын Максiма Танка неяк казаў, што самая лепшая ежа для яго бацькі – малако, сала i цыбуля. Дома на кухнi заўсёды стаяла талерка з нарэзанай цыбуляй i салам.
Вучань. Вельмi паважлiва ставiўся пiсьменнiк i да хлеба. Нават лічыў, што з яго складаецца шчасце:
Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
3 хлеба, сабранага ў полі.
Вучань. А вось яшчэ:
Калі сустрэў цябе я вечарам,
Адчуў і радасць і трывогу,
І затрымаўся, быццам нечага
Я не узяў з сабой ў дарогу.
Чаго? Кавалак хлеба чорнага,
Ў якім дыміць радзімы попел,
Прамень Палярнай з неба зорнага
Ці жвіру з першага акопа?

На слайдзе ўзнікае Нiл Гiлевiч.

Вучань. Яркі, высокі, прыгожы, артыстычны, – ён нязменна прыцягваў увагу і быў такім жа запамінальным, як і яго творы. Якiя кулiнарныя прыхiльнасцi ў Нiла Сымонавiча, я дакладна не ведаю. Але як смачна, з якiм густам i любоўю да беларускай кухнi апiсвае ён стравы ў рамане «Родныя дзецi».
Вучань. Што наша закусь у пашане
Ў знатакоў застольных страў
Аб гэтым хораша ў Варшаве
Адзін наш сябра напісаў.
(Бярэ ў рукi газету.)
Цытую сцісла па газеце:
«Як журналіст і дыпламат
Я пабадзяўся шмат па свеце
І ўсякіх кухань знаю шмат.
Але якую б вы закуску
Мне ні даўмеліся назваць –
За «парася па-беларуску»
Аддам любую без разваг.
Калі б я мог, то ў школах нашых –
Каб падхапіла Польшча ўся –
Прадмет увёў бы: «Як засмажыць
“Па-беларуску парася”!..»
Вучань. Як цуд, як казка –
З каляндрай, з перцам, з часнаком –
Ляжыць вясковая каўбаска…
Вучань. Калдун!.. Духмяны, самавіты,
У масле ўсмяглы, а паўзверх –
Смятанкай свежаю паліты!..
Вучань. А нядрэнна было б і сапраўды ўвесцi прадмет «Кулiнарная справа»!

На слайдзе – Янкa Мaўp.



Вучань. Янкa Мaўp, «бaцькa» бeлapycкaй дзiцячaй лiтapaтypы, да ежы заўсёды ставіўся спакойна: «Што ёсць на стале, то ёсць». Самымі любімымі стравамі яго былі курыныя катлеткі, якія гатавала дачка, а таксама бліны з мачанкай. Пісьменнік і сам умеў гатаваць сапраўдную мачанку: з кілбаскай, мясам і рабрынкамі. Блінцы да такога беларускага народнага соуса падаваліся не з пшанічнай мукі, а з грэчневай.
Вучань. Часта гатавалі і бульбяныя катлеты з грыбным соусам. Была на стале заўсёды і рыба, і дзічына, паколькі Янка Маўр быў паляўнічым.
Вучань. Цiкава, што забітага зайца звычайна вывешвалі перад гатаваннем на балкон, а суседзі і сябры, заўважыўшы «адмысловы знак», пачыналі збірацца ў госці, бо ведалі, што будуць частаваць найсмачнейшай стравай.

На слайдзе – Янкa Купала.

Вучань. Многія сучаснікі лічылі Купалу гурманам, але на самой справе ён не любіў вылучацца. Напрыклад, сяляне з мястэчка Ляўкі Аршанскага раёна ўзгадвалі, што аднойчы пасля працы паэту паднеслі кіслы бярозавы квас у крышталёвым графіне. Ён адмовіўся ад пачастунку і сам адправіўся ў студню, прыгаворваючы: «Люблю піць квас прама з дзежкі».
Вучань. Купала самастойна хадзіў на кірмаш і нікому не даручаў гэту справу. Яшчэ ў дзяцінстве ён напаткаў там бабулю-гандлярку зёлак, якой прысвяціў адзін з вершаў (Уладзiмiр Мулявiн пасля напiсаў да яго музыку).

Гучыць песня «У Мінску на рынку…» (2–3 хвіліны).

Вучань. Адной з любімых простых страў паэта былі крышаны – бульбяны суп са шкваркамі. Сябры ўзгадваюць, што маці «крышыла крышаны», седзячы на парозе мінскага дома, куды сын перавёз яе, ратуючы ад раскулачвання.
Вучань. Шмат часу Купала праводзіў на прыродзе. Любіў паляванне, у тым ліку і «ціхае», рыбалку. Ляснік Шыманскі ўспамінаў, што часцей за ўсё той страляў трусоў, мяса якіх вельмі любіў есці з падлівай.
Вучань. Купалаўскі дом славіўся на ўсю сталіцу як адзін з самых гасцінных. Застоллі немагчыма было апісаць словамі. Пісьменнік Іларыён Барашка ўзгадваў, што як толькі з'яўляўся госць, яго настойліва частавалі вяндлінкай. Па ўспамінах іншых наведвальнікаў, нават у небагатыя часы тут можна было паласавацца дранікамі, блінамі з мачанкай, вэнджанымі кілбаскамі, падсушанымі сырамі, яечняй са шкваркамі і гарачай бульбай. Яго маці і сёстры некаторы час жылі на вёсцы, таму многія прадукты траплялі на стол адразу з градкі.
Вучанiца. Наша меню – «Зорная спадчына». Закуска: сала з цыбуляй, салёныя агуркi, вараная бульба, вяндлiна, вэнджаныя кілбаскі. Асноўная страва: бульбяны суп са шкваркамі (крышаны), верашчака (мачанка з блiнамi), дранiкi. Дэсерт: квас.

Вядучы 1. Журы ацэньвае меню. А мы запрашаем кампанiю «Закон».
Вучань. Наша кампанiя займалася пытаннем аўтарства выдатных помнiкаў беларускай лiтаратуры ХIX стагоддзя. Так, сёння шматгадовыя спрэчкi наконт аўтарства паэмы «Энеiда навыварат». Лiтаратуразнаўцы вырашаюць на карысць Вiкенцiя Равiнскага, удзельнiка войнаў з французамi 1805–1807 i 1812 гадоў. У паэме апiсваецца многа беларускiх нацыянальных страў.
Вучань. Вось як выглядаў абед:
За стол усе порадам садзілісь,
Мялянік на стале ляжаў.
Дыдона варыва ўлівала,
Шматкамі мяса ў місы клала
І забяляла малаком.
Трупаціла яна крупеню,
Яечню, руднік, жур, смажэню.
Каму пячэню з часнаком;
Былі й салодкія пацешкі:
Вяземскі пернікі, арэшкі,
Мязгі й мязюму 2 рашаты.
Вучань. З такой фламандскай сакавітасцю мог апісваць ежу толькі чалавек, які любіць паесці. Мы склалі невялікі кулiнарны слоўнiк паэмы (чытае пра некалькi страў са слайда: мялянiк – пiрог, камы – цёртая вараная бульба, жур – мучны кiсель і інш.).
Вучань. А вось што было на сняданне:
Паелі нашча саладухі,
Камоў з смятанай і глазухі,
Пайшлі у горад пагуляць.

На слайдзе – «Тарас на Парнасе».

Вучань. Яшчэ адзiн выбiтны помнiк беларускай лiтаратуры ХIХ стагоддзя напісаны Канстанцiнам Веранiцыным.
Вучань. Памятаеце Тараса? (звяртаецца да гледачоў). Ён узлез на Парнас і пабачыў, як там жывуцьБагі, у тым ліку што яны ядуць.
Вучань. Наперш дала яна [Геба] капусту,
Тады са скваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу
Дае ўволю, толькі еж.
І з пастаялкай жур сьцюдзёны,
А з кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны смажонай
Уволю ўсім багом было.
Як унясла ж на стол каўбасы,
Бліны аўсяны ў рашаце,
Аж сьлінкі пацяклі ў Тараса
І забурчала ў жываце.
Вучань. Пасля такога надзвычайнага абеда нам нічога не засталося як саставіць меню «Чароўны Парнас». Закуска фуршэтная: бушэ з сырам, агурком, вяленым таматам. Асноўная страва: свiная карэйка з гарнiрам з бульбы, цыбуляй i морквай. Дэсерт: самаробныя цукеркi, сiроп з ягад.

Вядучы 2. Журы ацэньвае меню. А мы запрашаем кампанiю «Фiтнес».
Вядучы 1. «Новую зямлю» Якуба Коласа, гэту сапраўдную энцыклапедыю сялянскага жыцця, можна назваць і кулінарнай кнігай з рыфмаванымі рэцэптамі. Успомніць хаця б частку «Дзядзька-кухар», дзе дасканала апісваецца працэс гатавання клёцак з сокам.
Вучань. Колас любіў ежу простую, вясковую: еў бульбу з кіслым малаком, верашчаку з грыбамі і яечню са шкваркамі. Аднак у розных раздзелах паэмы ўзгадваецца вялікая колькасць страў – святочных і звычайных. У нядзелю ўся сям'я збіралася за святочным сталом, дзе елі блінцы, верашчаку, аладкі, тварог са смятанай і цалкі – яечню, у якой жаўткі не змешваліся з бялкамі.Вучань. На Каляды звычайна елі куццю і шмат рыбы: акунькі, мянькі і плоткі. У якасці дэсерту на стале былі ламанцы (пшанічнае цеста з макавым сокам) і кісель з мядовай сутой (растворам мёда).
Вучань. На Вялікдзень на стале заўсёды было шмат мяса: шынка, кілбасы-скруткі, падсвінак, сцёгны, сала, грудзінкі. Акрамя гэтага, маці пякла пірагі і аладкі.
Вучанiца. Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых…
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі –
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў.
Мука і квас – і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;
Вучань. Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы –
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Вучанiца. Наша меню – «Паэзiя на талерцы». Закуска: сцёгны, верашчака з грыбамi, яечня са шкваркамі, вяндлінка з водарам ядлоўца. Асноўная страва: калдун, гарачая вараная бульба, салёныя агуркi, мочаныя яблыкi, капуста. Дэсерт: сыр, масла, тварог, запраўлены смятанай; квас, бярозавы сок.
Вядучы. Дзякуй. Усе меню прадстаўлены, журы падлiчвае балы. А нашы гаспадынi з кожнай кампанii запрашаюць вас, дарагiя госцi, паспытаць iх стравы (гледачы падыходзяць да сталоў).

Вядучы. Слова прадастаўляецца журы (журы называе балы, вынiкi і пераможцу).

Настаўнiк. Ежа розных народаў усё больш і больш падпадае стандарту. У Маскве і ў Мінску, у хаце і ў сталоўцы – амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды біфштэксы, апранаецеся ў тыповае адзенне, усё больш забываецеся на адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А забываць пра гэта нельга.
Вядучы. Жадаем вам, сябры, поспехаў у кулiнарнай справе i ў вывучэннi беларускай лiтаратуры i мовы. Бо пакуль жыве мова народа, да таго часу жыве народ.
Настаўнiк. Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, –
То ўмее ён і смачна з'есці
І – адпаведна – згатаваць!
Таму – дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу –
І беларускаму палетку,
І беларускаму сталу!

Гучыць песня «Вы шумiце, бярозы» (словы Н. Гiлевiча, музыка Э. Ханка). Гледачы пакiдаюць залу.

 ВIКТОРЫЯ ТЫЛЬКОВIЧ, настаўнiца беларускай мовы i літаратуры сярэдняй школы № 119 г. Мінска