Святкі-Калядкi
Сярод мноства зімовых свят ёсць і старажытныя Каляды, або Калядкі. Яны адбываюцца тады, калі дзень становіцца даўжэйшы за ноч, а сонца ўсё больш паказваецца на небе. Менавіта ў гэты час пераапранутыя жывёламі людзі-калядоўшчыкі ходзяць па дамах, забаўляюць іх насельнікаў жартамі, спяваюць песні, у якіх віншуюць са святам, жадаюць здароўя, цёплай вясны і багатага ўраджаю. Калядоўшчыкаў трэба абавязкова запрасіць у дом і пачаставаць – тады цэлы год будзе добрае здароўе і шчодры стол. Прапануем пазнаёміцца з забавай «Калядкі» ў дзіцячым садку.
Мэта – авалоданне ведамі пра традыцыі і звычаі беларускага народа.
Задачы: знаёміць выхаванцаў з калядаваннем; развіваць мастацка-творчую дзейнасць шляхам азнаямлення са звычаямі беларускага народа, гульнямі; выхоўваць павагу да народных традыцый.
Матэрыялы і абсталяванне: музычны цэнтр, мяшочак для варажбы, карткі з выявай прафесій, калядная зорка.
Дзеючыя асобы: Вядучы, Калядоўшчыца, Каза, Мядзведзь.
Ход свята
Месца дзеяння – на свежым паветры, гучыць святочная музыка «Калядачкі».
Вядучы. Да нас прыйшлі Святкі-Калядкі, бліны ды аладкi, зіма ды маразы. Добры дзень, даражэнькія! Вы сюды на свята Каляды прыйшлі? (Адказы дзяцей і дарослых.) Запрашаем да нас, дзеткі. Тут для кожнага знойдзецца і мястэчка, і вясёлае слоўца. Ці ўсім відаць, ці ўсім чуваць, ці ўсім хапіла месца? (Адказы дзяцей і дарослых.) Каляды – самае доўгае, самае вясёлае і старадаўняе свята. Ад Каляд і да Хрышчэння – нашы продкі весяліліся два тыдні. Лiчылася, што, як правядзеш Каляды, такiм і ўвесь год будзе. Таму ўсе спявалi, танчылі, весялiлiся, частавалi адзiн аднаго i хадзілi ў госцi. Так давайце ж Святкі-Калядкі сустрэнем і ў нас! Што гэта за шум?
Гучыць беларуская народная песня «Добры вечар, шчодры вечар». Да дзяцей падыходзіць Калядоўшчыца.
Калядоўшчыца. Гэй, спяшайцеся ўсе сюды! У госці Калядоўшчыкi прыйшлi.
На Каляды мы прыйшлі,
Мех вялізны прыняслі,
Каб вы нас пачаставалі,
Шмат чаго падаравалі.
Добры дзень таму,
Хто жыве ў гэтым даму.
А ці дазволіце нам пакалядаваць?
Вядучы. Праходзьце, калі ласка, дазваляем, пачастункаў сёння шмат мы маем.
Калядоўшчыца. Дзякую! Як на вуліцы мароз замарозіў нос, прапаную не стаяць, а гульню пачынаць.
Маразы нам не бяда!
Калядоўшчыца. Маразы нам не бяда, як прыйшла Каляда. Ходзім мы ў футрах і вушанках і катаемся на санках. А як?
Дзеці. А вось так! (Паказваюць, як трэба ехаць на санках.)
Вядучы. А потым?
Калядоўшчыца. А потым на лыжы дружна ўстанем і з гары катацца станем.
Вядучы. А як?
Дзеці. А вось так! (Паказваюць, як трэба ехаць на лыжах.)
Калядоўшчыца. А яшчэ бярэм канькі і бяжым мы на каткі.
Вядучы. А як?
Дзеці. А вось так! (Паказваюць, як трэба ехаць на каньках.)
Калядоўшчыца. А потым у снежкі мы гуляем, вельмі трапна пападаем.
Вядучы. А як?
Дзеці. А вось так! (Кідаюцца снежкамі.)
Вядучы. А з кім вы да нас прыйшлі, каго з сабою прывялі?
Калядоўшчыца. Адгадайце спачатку маю загадку:
З барадою, а не дзед, з рагамі, а не бык, малако дае, а не карова, лыкі дзярэ, а лапці не пляце. Хто гэта? (Каза.)
Пасля таго, як дзеці адгадалі загадку, з’яўляецца Каза.
Вядучы. А навошта нам Каза?
Калядоўшчыца. Ёсць такое павер`е, што гэта сімвал жыццёвай сілы.
Дзе каза праходзіць, там пшаніца родзіць.
Дзе каза махне хвастом, там жыта ўзыдзе кустом.
Дзе каза топне нагою, там травы ўзыдуць капною.
Дзе закране рогам, там жыта ўскінецца стогам.
Каза ходзіць па двары, выконвае дзеянні ў адпаведнасці са словамі Калядоўшчыцы.
Вядучы. Якая Каза ладная! Заставайся разам з намі, пагуляй з дзецьмі.
Каза
Каза. Я козачка белая,
Я козачка шэрая,
Па ляску гуляла,
Ды ў танец усіх запрашала. Ме-е-е!
Каза рухаецца ў сярэдзіне круга. Дзеці стаяць і падпяваюць. З заканчэннем песні Каза падыходзіць да дзяўчынкі ці хлопчыка, «мекае» і выводзіць у круг танчыць, дзеці пляскаюць у далоні. Гульня паўтараецца 3–4 разы.
Вядучы. Ай-да козачка, якая спрытная, якая разумніца! А можа, патанчыш з намі?
Го-го-го, Каза!
Каза рухаецца ў сярэдзіне круга. Дзеці стаяць і спяваюць разам з Казой. У канцы песні Каза падае.
Вядучы. А што ж гэта з нашай Козачкай зрабілася? Можа, яна занядужыла?
Калядоўшчыца. Каб Козачка паднялася, трэба яе гасцінцам пачаставаць і добрае слова сказаць.
Вядучы падыходзіць і частуе Казу, а дзеці гавораць ёй ласкавыя словы. Каза ўстае.
Вядучы. А з кім вы яшчэ прыйші да нас у госці?
Калядоўшчыца. Адгадайце тады яшчэ адну загадку!
Хто ў лесе глухім жыве,
Нязграбны, касалапы?
Летам есць маліну, мёд,
А ўзімку смокча лапу? (Мядзведзь.)
Выходзіць Мядзведзь.
Мядзведзь. У-у-у, а мне гасцінцаў?
Вядучы. І табе гасцінцаў захацелася? Спачатку паслужы! Што ўмееш, пакажы!
Калядоўшчыца. Наш Мішка вучоны.
Вядучы. Ну-ка, пакажы, Мішка, як гаспадыня цеста ў дзяжы месіць! (Мядзведзь «таўчэ» кулакамі перад сабой.) Як дзед дровы рубіць? (Мядзведзь паказвае.) Як дзіця зацірку есць? (Мядзведзь на галаву лье лыжкай.) Як дзяўчынкі перад люстэркам упрыгожваюцца? (Мядзведзь глядзіцца ў люстэрка, усміхаецца.) Як Янка на работу ідзе? (Мядзведзь ледзьве ступае.) А як з работы? (Мядзведзь бягом бяжыць на месцы.)
Вядучы. Ну і Мішка, рассмяшыў. А з дзеткамі ці ўмееш гуляць? (Мядзведзь гуляе з дзецьмі.)
Калядоўшчыца. Дзеці, ці зарабіў Мядзведзь гасцінцаў?
Дзеці. Зарабіў!
Вядучы (частуе). Вось табе мёду цэлую калоду.
Калядоўшчыца. А яшчэ за пачастунак добры пагадаем вам. Хочаце, дзеткi? (Адказы дзяцей.) Давайце, залаценькія мае, я вам паваражу. Што было, што ёсць, што будзе – усю праўду раскажу.
Хто кім стане?
Дзеці выцягваюць з шапкі «гадальныя карткі» – карткі з выявамі прафесій.
Вядучы. Дзякуем за гаданне і за старанне. Прыйшла Каляда, усім весялосць прынясла. Не сядзіце, не сумуйце, а полечку станцуйце.
Гучыць беларуская народная «Полька». Дзеці і дарослыя танчаць.
Калядоўшчыца. Будзьце здаровы, жывiце багата! А мы ад’язджаем да дому да хаты!
Вядучы. Шчасліва хадзіце,
Здаровы бывайце,
У наступным годзе
Зноў завітайце!
Усім дзякуй! Да пабачэння!
Калядоўшчыкі развітваюцца і адыходзяць пад песню «Бывайце здаровы» (словы А. Русак).
ТАЦЦЯНА НАСТУСЕВІЧ, настаўнік-дэфектолаг Лідскіх спецыяльных яслей-сада № 16 для дзяцей с парушэннямі зроку