Праз краязнаўчую дзейнасць і турызм да патрыятызму
Турызм і краязнаўства ў сучасным іх разуменні – гэта фізічнае развіццё, аздараўленне і пазнанне навакольнай рэчаіснасці, фарміраванне каштоўных духоўных якасцей асобы. Турыстычна-краязнаўчая дзейнасць вырашае шэраг адукацыйных і выхаваўчых задач, бо любы від турысцкага падарожжа – ад простай экскурсіі да шматдзённага паходу – абавязкова ўзбагачае чалавека новай інфармацыяй, развівае яго інтэлект.
Цяжка пераацаніць і аздараўленчае значэнне турыстычна-краязнаўчай работы. Што можа быць натуральней руху, фізічнай працы ў прыродным асяроддзі! На турысцкіх маршрутах закладваюцца асновы здаровага ладу жыцця, імкненне да фізічнай дасканаласці.
Краязнаўчая работа ў нашай установе рэалізуецца ў першую чаргу праз выхаваўчы патэнцыял урокаў, правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў (квэстаў, экскурсій, сустрэч і г. д.) у шосты школьны дзень. Ракаўская зямля мае багатую разнапланавую культурную і гістарычную спадчыну, таму мерапрыемствы ў асноўным заснаваныя на мясцовым матэрыяле.
Адным з найбольш значных, напрыклад, з’яўляецца квэст «Усяму пачатак тут, у краі маім родным». Ён мае некалькі прыпынкаў:
1. «Ракаўшчына літаратурная». Вучні знаёмяцца тут з паэтамі і пісьменнікамі, выхадцамі з роднага мястэчка, і тымі знакамітасцямі, чый лёс нейкім чынам звязаны з Ракавам. Можна вылучыць гэта і ў асобнае мерапрыемства, у рамках якога, акрамя тэарытычнага вывучэння пытання, мы маем магчымасць наведаць Літаратурны музей Вячаслава Пятровіча Рагойшы, дзе размешчаны рукапісы знакамітых пісьменнікаў, якія складалі свае творы на беразе Іслачы.
2. «Музей у чамадане». У залежнасці ад тэматыкі квэста можа быць некалькі экспазіцый: «Старажытны Ракаў», «Ракаўшчына ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны», «Летапіс Ракаўскай сярэдняй школы». Вучні маюць магчымасць далучыцца да культурных і гістарычных традыцый роднага краю, дакрануцца да мінулага праз жывое ўспрыманне і рэальныя прадметы – музейныя экспанаты, стаць непасрэднымі ўдзельнікамі дзеяння. Музей валодае ўнікальным патэнцыялам сацыяльна-выхаваўчай работы з дзецьмі, дапамагае зразумець мову рэчаў, спасцігнуць іх культурнае значэнне, стаць памочнікамі ў вывучэнні культуры свайго народа. Таксама музей выхоўвае патрыятычныя пачуцці і творчасць.
3. «Рамеснікі Ракава». Ракаўская зямля спрадвеку славілася ганчарнымі і ткацкімі вырабамі. Калі з асновамі ганчарства вучні могуць пазнаёміцца толькі ў тэорыі, то на гэтым прыпынку якраз можна выткаць пояс з выкарыстаннем розных тэхнік. А вучаніцы 9-га класа дапамогуць выбраць ткацкую тэхніку, колеравую гаму, узор. Кожны ўдзельнік квэста можа выткаць невялічкі падарунак сабе і сваякам.
У залежнасці ад тэматыкі і мэты правядзення пэўнага мерапрыемства колькасць прыпынкаў квэста можна павялічваць, або ператвараць іх у асобныя мерапрыемствы.
Даследаванні
Наступным накірункам краязнаўчай работы, які выцякае з простага ўдзелу ў мерапрыемствах, з’яўляецца ўдзел вучняў у конкурсах даследчага характару. Напрыклад, нашы навучэнцы даследавалі такія тэмы, як «Магчымасць выкарыстання тэхнікі і ўзораў традыцыйных тканых паясоў Валожыншчыны “на ніту” (“на нагу”, “на назе”) у вырабе сучасных жаночых аксесуараў», «Мянушкі Ракаўшчыны», «Асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця Ракава ў 1921–1939 гг.». Даследчая работа па краязнаўстве дапамагае вучням рэалізаваць свае інтарэсы і раскрывае новыя цікавыя старонкі роднага краю.
Дамагчыся добрых вынікаў можна пры рабоце ў розных напрамках. Так, вывучаючы свой радавод, вучні звязваюць яго з гісторыяй роднага краю, магчыма, краіны і, наадварот, знаёмячыся з гісторыяй дзяржавы, рэгіёна, яны вяртаюцца да фактаў гісторыі роднага мястэчка, сям’і.
Неабходна памятаць, што прадметам гістарычнага краязнаўства з’яўляюцца грамадскія працэсы ў мясцовым краі: жыццё людзей у яго развіцці, ва ўсіх шматстайных яго праявах і выніках у межах пэўнай тэрыторыі; этнанацыянальныя працэсы (асаблівасці культуры, побыту, гісторыі карэнных жыхароў); рэлігія (гісторыя розных канфесій); сацыяльна-эканамічныя і палітычныя адносіны; лёс канкрэтных людзей, сем’яў.
Так, пазнаёміцца з гісторыяй Ракаўшчыны ад першабытных часоў да сучаснасці дапамогуць удзельнікі школьнай бізнес-кампаніі «Раков-trip», якая дзейнічае з 2012 года. Вучнямі распрацаваны турыстычны маршрут па родным мястэчку, які ўключае ў сябе наведванне найбольш значных месцаў і аб’ектаў: кангламерата ледніковага перыяду, Святой крынічкі, Каплічкі Святой Ганны, вуліцы 17 Верасня, падмурка былой пошты, касцёла Святога Дамініка і Маці Божай Ружанцовай, Спаса-Праабражэнскай царквы, вуліцы 8 Сакавіка. Падчас пешай экскурсіі вучні раскажуць цікавыя факты з гісторыі Ракава, канфесійных устаноў, пра знакамітых людзей, якія тым ці іншым чынам паўплывалі на развіццё нашага мястэчка.
Вывучэнне культурна-літаратурнай спадчыны
Для гэтага прапаноўваецца наведванне Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, дзе з дапамогай удзельнікаў дзіцячага народнага ўзорнага гурта «Вянок» можна ўзгадаць каляндарна-абрадавыя песні, паўдзельнічаць у народных гульнях. Таксама праводзяцца сустрэчы са знакамітымі землякамі, выпускнікамі нашай установы. Так, ганаровымі гасцямі ва ўстанове з’яўляюцца Вячаслаў Рагойша, Язэп і Фэлікс Янушкевічы, Лізавета Пятроўская.
Экскурсіі
Формамі працы ў школе, якія складаюць змест турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, з'яўляюцца ўрокі турызму, экскурсіі, прагулкі, адна- і двухдзённыя паходы, аб’яднанні па інтарэсах, конкурсы, злёты, спаборніцтвы, выставы. Такім чынам забяспечваецца комплексны характар у навучанні, выхаванні, аздараўленні, прафесійнай арыентацыі вучняў.
Экскурсія – гэта не толькі адпачынак, але і дадатковая крыніца ведаў і магчымасць узбагаціць змест праграмных тэм, паставіць дзіця ў сітуацыю, дзе яно з большым задавальненнем, чым на ўроку ў класе, папоўніць свае веды па гісторыі культуры – бо гэтыя веды набываюцца ў нефармальных абставінах.
Тэматычныя экскурсіі (у музей Вялікай Айчыннай вайны, Літаратураны музей Янкі Купалы, Нацыянальны мастацкі музей і інш.) дапамагаюць педагогам больш вобразна, ярка пазнаёміць дзяцей з матэрыялам па якім-небудзь прадмеце (літаратуры, гісторыі, мастацтве, геаграфіі). Многія педагогі ўсвядомілі неабходнасць увядзення экскурсій у вучэбную дзейнасць як важны сродак патрыятычнага выхавання і эфектыўную форму набыцця ведаў.
Развіваючыя экскурсіі, як правіла, шматтэмныя, яны не звязаныя з пэўным прадметам. Часцей за ўсё гэта экскурсіі, звязаныя з агульным развіццём вучняў. У іх выкарыстоўваецца сучасны і гістарычны матэрыял. Будуюцца яны на паказе розных аб'ектаў: помнікаў гісторыі і культуры, будынкаў і збудаванняў, прыродных аб'ектаў, месцаў знамянальных падзей. Падчас канікулярнага перыяду вучні наведваюць арт-галерэю Янушкевічаў у Ракаве, музей «Свет пчол», мемарыяльны комплекс «Хатынь», ажыццяўлялі паездкі ў Нясвіжскі і Мірскі замак, Брэсцкую крэпасць, Парк гісторыі і культуры «Сула», музейны комлекс «Дукорскі маёнтак», прайшлі экалагічнай трапой «Сябрынскае скрыжаванне» у Налібоцкай пушчы.
Турызм
Турыстычная дзейнасць валодае вялікай колькасцю магчымасцяў для задавальнення патрэб асобы, як сацыяльных, так і духоўных. Турызм дае магчымасць дзіцяці для рэалізацыі многіх яго «сама»: самаўдасканалення – праз працу і спартыўную трэніроўку; самасцвярджэння – праз перамогу над сапернікам; самапавагі – праз перамогу над сабой; самавыяўлення – праз творчасць, любоў, прыгажосць; самавызначэння – праз даследаванне сябе і навакольнага свету; самастойнасці – праз свабоду, незалежнасць; самарэалізацыі – праз дасягненне мэт за кошт выкарыстання свайго патэнцыялу, усіх магчымасцяў, атрыманых ад прыроды і набытых у вопыце.
У паходзе, на спаборніцтвах аб'ектыўныя ўмовы рэчаіснасці ствараюць рэальныя магчымасці для фарміравання свядомых паводзін вучняў, пачуцця адказнасці і абавязку. Для развіцця турыстычнай працы ва ўстанове адукацыі створаны неабходныя ўмовы: маецца ў наяўнасці турыстычны рыштунак, палаткі, кастровыя прылады; арганізаваны заняткі аб’яднання па інтарэсах «Юны турыст», спартыўная секцыя па тэхніцы пешаходнага турызму. Вучні школы разам з педагогамі кожны год прымаюць удзел у абласных турыстычных злётах, спаборніцтвах.
Такім чынам, усе кірункі турыстычнай, экскурсійнай, краязнаўчай работы ўзаемазвязаны і дазваляюць весці яе ў комплексе. Гэта не праходзіць бясследна для вучняў – яны змаглі ўнесці свой уклад у вывучэнне гісторыі малой радзімы і падняць прэстыж школы ў краязнаўчай працы.
ГАННА ВІКТАРОВІЧ, дырэктар Ракаўскай сярэдняй школы