Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Лялька-абярэг

Што такое лялька-абярэг, чаму такія цацкі былі важнай часткай паўсядзённага жыцця продкаў, якая патаемная мудрасць хаваецца ў народных загадках, жартах, заклічках, песнях? Адказаць на гэтыя пытанні дапаможа майстар-клас з невялкім гістарычным экскурсам у глыбь стагоддзяў.

Задачы: стварыць умовы для паглыблення і абагульнення ведаў аб народных традыцыях Радзімы; развіваць цікавасць да абрадаў, звычаяў народа, нацыянальнай культуры; садзейнічаць выхаванню пачуцця гонару за сваю багатую спадчыну.

Арганізацыйна-падрыхтоўчая работа. Клас дзеліцца на чатыры мікракалектывы. Вучні атрымліваюць заданні: даведацца ў дарослых або прачытаць у кнігах пра беларускія заклічкі, жарты, гульні, загадкі, песні. Трэба таксама спытацца ў бабуль і дзядуль, як яны некалі бавілі вольны час, якімі рамёствамі займаліся, што рабілі на вячорках. Да таго ж патрэбна прынесці ручнікі, даматканыя посцілкі, сурвэткі, ганчарныя вырабы. На мерапрыемства запрашаюцца матулі вучняў.

Матэрыялы і абсталяванне: ручнікі; даматканыя посцілкі; сурвэткі; ганчарныя вырабы; тканіна; ніткі; схема «Выраб лялькі-абярэга»; печ; чыгуны; плот; кнігі А. Грачанікава «Свяці, свяці, сонейка» (Мінск, 1994) і С. Лаўшука «Залатыя каласкі» (Мінск, 1994).

Ход майстар-класа
Вадзім. Што, скажы, для жыта трэба?
Насця. Ну, вядома, трэба глеба.
Вадзім. А для птушкі?
Насця. Вышыня.
Вадзім. А для казкі?
Насця. Цішыня.
Вадзім. Ну а што для весялосці?
Насця. Каб часцей бывалі госці!
Вадзім. Распачнём мы пасядзелкі
I запросім усіх гасцей,
Будзем мы гуляць і цешыць
I дарослых, і дзяцей.
Вадзім. Сёння даражэнькіх гледачоў чакаюць песні, вершы і жарты, прыказкі і прымаўкі роднага краю… Утульна размяшчайцеся і атрымлівайце асалоду.
Насця. І песня званчэй гучыць, як на стале хлеб ляжыць.

Песня-танец «Ох і сеяла Ульяніца лянок».

Дамініка. Як жа прыгожа і незвычайна сёння ў нас! Наш клас падобны на вясковую хатку. Раней печы былі ў кожнай хаце. Уздоўж сцен стаялі лаўкі, на якіх сядзелі, а часам нават і спалі. Абавязкова быў калаўрот, на якім пралі жанчыны. З нітак вязалі шкарпэткі, рукавіцы і іншыя рэчы. А вось і свечка на стале стаіць. Як вы думаеце, навошта яна была патрэбная? (Дзеці адказваюць.)
Соня. У старыя часы быў такі звычай у людзей: бавіць вечары разам, уладкоўваючы вячоркі. Гэтыя пасядзелкі былі працоўнымі. Як гаворыцца ў прыказцы: «Ад нуды бяры справу ў рукі». Працавалі, але і песні спявалі, маглі жартамі перакінуцца, пагуляць, патанчыць. Умелі нашы людзі працаваць, умелі і адпачываць.
Насця. На пасядзелкі прыходзілі бацькі з дзецьмі, прыносілі ўсялякія прысмакі: сланечнік, арэхі, цукеркі.
Госць 1. А мы да вас са сваім караваем з новага ўраджаю.
Госць 2. Ох, і добрая пшаніца ўрадзіла сёлета!
Госць 3. Дзе шчырая праца, там і густа.
Госць 4. Праўда. Добра працуем, ды і павагу маем.
Госць 5. А без хлеба ж і хата не хата, і свята не свята, і поле не поле, і доля не доля!
Соня. У духоўнай спадчыне нашага народа ёсць старажытныя скарбы, якія праз стагоддзі здзіўляюць сваёй мудрасцю, – прыказкі, прымаўкі, загадкі, песні.
Вадзім. Перш чым паказаць сваю кемлівасць, давайце паслухаем, што такое загадка.

Выступае падрыхтаваны прадстаўнік адной з груп.

Вучань. Ствараць загадкі пачалі ў глыбокай старажытнасці, калі навакольны свет для людзей быў надзелены магічнай сілай. Загадкамі апісвалі незразумелыя прадметы ці з’явы, хавалі думкі і намеры, каб зберагчы ад нячысцікаў сваю сям’ю, жывёлу. А яшчэ такім чынам правяралі кемлівасць,  вучылі і забаўлялі маленькіх дзяцей.
Насця. Давайце і мы пакажам свае здольнасці пры адгадванні!

Што гэта?
Адгадаць загадкі.
1. На двары гарою, а ў хаце вадою. (Снег.)
2. У вадзе купаўся, ды сухім застаўся. (Гусак.)
3. Доўгі насок, тонкі галасок,
Хто яго заб’е, той кроў пралье. (Камар.)
4. Нос пятачком, хвост кручком,
Нічога не баліць, а ўсё стогне. (Парася.)
5. У хаце – хата, на хаце – труба, зашумела ў хаце, загудзела ў трубе, бачыць полымя народ, а тушыць не ідзе. (Печ.)

Насця. Раз, два, тры, чатыры, пяць –
Я іду ўсіх шукаць!
Хто не схаваўся, я не вінаваты!
Вадзім (звяртаецца да дзяцей). Аб чым зараз пойдзе размова? Для чаго патрэбны лічылкі?

Выступае прадстаўнік адной з груп.

Вучань. Лічылкі часта складаюць самі дзеці (іх вынаходлівасць у гэтым бязмежная) і дзіцячыя паэты. У якасці лічылак таксама выкарыстоўваюцца народныя пацешкі. Прамаўляючы лічылку, паказваюць на ўдзельнікаў, і на каго выпадзе апошняе слова, той і водзіць.
Насця. Якія лічылкі вы ведаеце?
Вучань. Пятро, Пятро,
Падай вядро.
Карове піць –
Табе жмурыць.
Вучаніца. Стакан, лімон, выйдзі вон!
Стакан вады, выйдзі ты!
Вучань. Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў зайчык пагуляць,
А за зайцам – шэры воўк.
I пад кусцік заяц скок!
Мама. Давайце разам вывучым лічылку:
Кацілася торба
З высокага горба,
А ў той торбе
Хлеб, пшаніца.
З кім жадаеш
Ты дзяліцца?
Насця. Колькі смеху, весялосці!
У нашай хаце сёння госці.
Мы працуем, мы спяваем,
Невясёлых не прымаем.
Хто сумленны – той наш госць,
Во якая весялосць!
Вадзім. У нашым класе ўсе любяць гуляць. Якія гульні вы ведаеце? (Дзеці адказваюць.)
Вадзім. А хто з вас ведае, якімі цацкамі гулялі раней дзеці? (Дзеці адказваюць.)

Выхавацель. Не заўсёды цацкі былі такія, як цяпер. Раней не было канструктараў і сучасных лялек, нават не было дзіцячага саду. А дзяцей неабходна было забаўляць. Цацкі рабілі з матэрыялаў, якія былі пад рукой: дрэва, тканіны, саломы, нітак, цэглы.
Стварэнне любой лялькі – працаёмкі працэс. Ён патрабуе ад майстра вялікіх высілкаў. Магчыма, калісьці ўсё пачалося са старажытнай лялькі-абярэга, якая з сакральнага прадмету паступова ператварылася ў цацку і аб’ект мастацтва.

Калісьці такія лялькі былі важнай часткай паўсядзённага жыцця нашых продкаў, і кожная з іх адказвала за пэўную жыццёвую сітуацыю. Існуюць лялькі на шчасце, на цяжарнасць, на ўдалае замужжа, вяснянка, крупянічка, папялушка, кувадка, траўніца, баба-яга, неразлучнікі і інш.

Рабілі абярэг на каленях за адзін дзень і ў добрым настроі ва ўсі дні, апрач нядзелі і свят. Карыстацца іголкай і нажніцамі было забаронена. Таму тканіну рвалі рукамі. Стварэнне пачыналася з галавы. Фарміруючы яе, ледзь чутна жадалі моцнага здароўя, яснай памяці і светлых думак. Лялькі скручвалі адмысловым чынам. На кожны вузельчык трэба было нашаптаць добрае слова або малітву.

Беларускія майстры ўмеюць рабіць прыгожыя цацкі. Сёння мы таксама паспрабуем зрабіць ляльку Берагіню. Калісьці яна аберагала нашых продкаў ад розных нягод.

Гучыць музыка. Дзеці робяць ляльку.

Выхавацель. На стале у кожнага ляжыць два кавалкі тканіны прамавугольнай формы. Адзін вялікі, другі малы. Бярэм вялікі і з двух канцоў закручваем да палоскі ў сярэдзіне. Атрымаецца прамавугольнік, які складваем напапалам. Цяпер зробім галаву нашай ляльцы. Бярэм і зверху перавязваем на месцы перагіба. Далей бярэм маленькі кавалак тканіны. З яго будзем рабіць рукі. Тканіну скручваем у трубачку, а па краям таксама перавязваем. Атрымаліся рукі. Іх патрэбна замацаваць. Для гэтага ўладкоўваем іх пад галавой і зноў перавязваем стужкай. Вось і лялька.

Насця. Пагулялі, папрацавалі, час і песні спяваць.
Выхавацель. Калісьці людзі не развітваліся з песняй. І ў горы, і ў радасці, і ў працы, і ў весялосці яны выконвалі розныя песні, ад чаго на душы лягчэй станавілася. Самымі добрымі і ласкавымі былі песні, якія бацькі спявалі для дзяцей: калыханкі, забаўлянкі, пацешкі. Паважаныя госці, можа, вы памятаеце хоць адну калыханку ці забаўлянку?

Вучань. Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку,
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая.
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі,
Да майго дзядулі.
Вучаніца. Ідзе каза рагатая,
Ідзе каза, ідзе,
Барадою трасе,
Малачко нясе.
Малачка хто не п’е –
Таго – бу! Забаду!
На рогі пасаджу!
Выхавацель. Дзеці, а якія беларускія народныя песні вы ведаеце? (Дзеці адказваюць.) Давайце разам праспяваем «Чаму ж мне не пець». (Дзеці пяюць, а гледачы ім дапамагаюць.)

Пажаданне
Дзеці становяцца ў круг, кідаюць клубочак таму, каму хочацца, і адначасова кажуць пажаданне. Той, каму кінулі клубочак, таксама з пажаданнем кідае яго наступнаму.

Вадзім. Рака нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці Радзіме, з ведання яе гісторыі, культуры.
Усе лічылкі ўзгадалі,
Усе загадкі разгадалі.
Мы прыгожа размаўлялі –
I віталі, і жадалі!
Развітацца час прыйшоў
I пайсці ўсім дамоў!
Насця. Мы на развітанне прыгадаем,
Што вам шчаслівай долі жадаем.
Вельмі рады сустракаць мы гасцей!
Вадзім. Заходзьце да нас, калі ласка, часцей.
Будзьце ўсе вы моцнымі, як вада.
Багатымі, як зямля.
Працавітымі, як пчала.
Дзеці (разам). Да пабачэння, госцейкі дарагія!

СВЯТЛАНА ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, выхавацель групы падоўжанага дня Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна