Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Зямля пад белымі крыламі

Ці лёгка стварыць свята беларускай мовы ў дзіцячым садку? Як яго музычна аздобіць, што вучыць з выхаванцамі? Нарэшце, як зрабіць мерапрыемства цікавым для бацькоў і дзяцей? У якасці адказа на гэтыя пытанні прапануем літаратурна-музычную кампазіцыю ад скідзельскіх ясляў-сада № 4.

Задачы: далучаць выхаванцаў да вывучэння беларускай мовы; пабуджаць да ўзнаўлення вершаў і песень на роднай мове; развіваць вакальныя, танцавальна-рухавыя, творчыя музычныя здольнасці, цікавасць да беларускай народнай музыкі; выхоўваць пачуццё гонару за сваю нацыянальную прыналежнасць, багацце нацыянальнай культуры; фарміраваць патрыятычныя пачуцці і павагу да сваёй Радзімы.

Ход свята
Музычны кіраўнік. Добры дзень, паважаныя госці! Нам пашчасціла нарадзіцца на беларускай зямлі. Мабыць, нідзе на свеце не знойдзеш такіх прыгожых мясцін – блакітнага неба з бусламі і жаўрукамі, шырокіх палёў з морам лёну, бярозавых гаёў, вечназялёных бароў… Усё гэта перадаецца нам у спадчыну з роду ў род.
Вядучы. Якая прыгожая назва ў нашай краіны – Беларусь! А яшчэ мы завем яе – Радзіма, Бацькаўшчына. Радзіма – бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на свеце. А Бацькаўшчына – бо яна дасталася нам ад бацькоў нашых. А ім ад іхніх бацькоў, нашых дзядоў. А далей – ад прадзедаў, ад прапрадзедаў... I так – аж да самых далёкіх продкаў.

1-я дзяўчынка (чытае верш С. Брандта).
Мы жывём у той краіне,
Дзе азёры ззяюць сінім.
Дзе лясы амаль да неба,
Дзе палі паўнюткі хлебам.
Рэк блакітныя сцяжынкі,
Маем кожны год «Дажынкі».
А буслы жывуць на хатах,
Вучаць лётаць буслянятаў.
Дзе гучыць матулі мова,
Дзе ўсё заўжды знаёма.
2-я дзяучынка.
Я – дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.

Гучыць песня «Беларусь – зямля азёрная» (сл. і муз. Т. Бокач).

Вядучы. Над шырокімі палямі, над векавечнымі пушчамі, над зялёнымі лугамі, над блакітнымі стужкамі рэк і рачулак, над люстрамі незлічоных азёр лунаюць у высокім небе белакрылыя буслы. Таму нашу краіну называюць Зямлёю пад белымі крыламі.

Гучыць песня «Родны бусел» (сл. Н. Галіноўскай, муз. С. Галкінай).

Вядучы (чытае верш В. Лукшы).
Над Белай Руссю –
Белы бусел
Ладуе спраўнае гняздо.
А гэта значыць,
Белай Русі
Жыць, нібы поўны песень дом.
Над Белай Руссю –
Белы бусел
З бусліхай у вышыні нябёс.
А гэта значыць,
Белай Русі
Наканаваны шчасны лёс.

Дзеці сярэдняй групы выконваюць танец буслоў.

1-я дзяўчынка (чытае верш С. Сокалава-Воюша).
Блакіт нябёс, і белы бусел,
І луг квяцісты, як абрус.
А мы з табою беларусы,
Радзіма наша – Беларусь!
Вядучы (чытае верш Т. Еўдакімава).
Беларусь – чароўны край, пушчы і палеткі,
Па вясновых паплавах расцвітаюць кветкі.
Беларусь – гняздо буслоў, птушак белакрылых.
Наша родная зямля, наш куточак мілы.
Беларусь – азёрны край, гарады ды сёлы,
Сіні-сіні небакрай, вечныя дубровы.
2-я дзяўчынка (чытае верш Я. Жабко).
Куточак зямлі, дзе бярозкі шумяць,
Дзе ясныя зоркі ў азёры глядзяць,
Дзе клёкат бусліны нам песняй гучыць,
Куточак зямлі, як цябе не любіць?
Куточак зямлі, на якой мы жывём,
Ласкава цябе Беларуссю завём!

Дзеці старэйшай групы выконваюць песню «На бусліных крылах» (сл. Я. Жабко, муз. А. Канстанцінава).

Вядучы. Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў, якія належаць і мінуламу, і сучаснаму. Шмат стагоддзяў карыстаюцца ім беларусы. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Цікавасць да гэтага прадмета абумоўлена не толькі прыгажосцю яго тканага, вышаванага або плеценага дэкору, але і цеснымі сувязямі з абрадавым жыццём народа, сімволікай шматлікіх функцый. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае падчас найбольш важных этапаў жыццёвага шляху чалавека.
3-я дзяўчынка.
Што такое ручнік вышываны?
Гэта радасць у хату, чаканне гасцей.
У народзе ёсць звычай прадвечны,
Як чаканне добрых вясцей.
1-шы хлопчык.
Паглядзі на вышыты ручнік,
Нават праз стагоддзі ён не знік,
Беларускі арнамент яго аздыбляе,
Прыгажосцю сваёю душу атуляе.
Вядучы (чытае верш А. Пысіна).
Вышывала маці... У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.
А паэт Авяр'ян Дзеружынскі пра ручнік пісаў так:
З каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор.
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
І глядзіш, глядзіш зачараваны –
На дзівосны, казачны ўбор.

Дзяўчынкі старэйшай групы выконваюць танец з ручнікамі пад песню «Купалінка» (сл. і муз. народныя).

Вядучы. Часта ўзнікае пытанне, што значыць «Белая Русь», але адзінага меркавання ў навукоўцаў няма. Адны гавораць, што «белая» – гэта стан свабоды, незалежнасць, на погляд іншых – гэта чысціня, гасціннасць. Існуе таксама меркаванне, што тутэйшыя жыхары насілі белую палатняную вопратку, мелі светлыя валасы і белы колер твару, таму вандроўнікі і далі такую назву мясцовасці.

4-я дзяўчынка (чытае верш А. Бадака).
Твар румяненькі,
Белая хустачка,
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка.
1-я дзяўчынка (чытае верш А. Русака).
Куды ні глянь – лясы шумяць,
Цвіце за полем гай,
А поле – вокам не абняць,
І гэта ўсё – мой край.
2-гi хлопчык (чытае верш А. Баравога).
Я – беларус, я ганаруся
Сваёй гісторыяй, людзьмі
І тым, што тут я нарадзіўся,
Што прадзеды мае жылі.
Я ганаруся кожным дрэвам
І кожнай рэчкай, што бяжыць,
Зялёным лугам, чыстым небам,
Расой, што на траве блішчыць.

Дзеці сярэдняй групы выконваюць песню «Цік-так, ходзікі» (сл. Л. Пранчака, муз. Э. Ханка).

Вядучы. Жыта ў полі, яблыкі ў садах, свойская жывёла на падворках, звяры ў лясах, рыба ў водах... ды хіба пералічаш усё!
2-я дзяўчынка (чытае верш А. Дзеружынскага).
Стаіць, выглядаючы з жыта,
Як зорачка-знічка здалёк.
Што ўпала іскрынкай з блакіту,
Палеткаў краса – васілёк.
Стаіць, паглядае з пагорка,
Як зорка аднекуль здалёк,
Часцінка любімай старонкі,
Часцінка зямлі – васілёк.

Дзеці сярэдняй групы выконваюць песню «Сіні васілёк» (сл. і муз. Я. Жабко).

Вядучы (чытае верш М. Шаўчонкі).
Сімвал роднага краю,
Васілёк сінявокі,
Я табе давяраю
Поле думкі высокай.
Засявай яго дбайна
То надзеяй, то марай,
Падзівіцца ўсім дай нам
Тваім сінім пажарам.
Абагрэй клапатліва
У пасмурную восень,
Усміхніся шчасліва,
Калі штосьці збылося!
Твая ўвага і ласка,
Твая родная песня,
Як дзіцячая казка,
Праз стагоддзі ўваскрэсне.

Дзяўчынкі старэйшай групы выконваюць танец з васількамі «Сінь-васількі» (сл. і муз. Я. Паплаўскай і А. Ціхановіча).

Вядучы. Наша краіна ва ўсім свеце славіцца бульбай!
Хоць хваліцца не прыстойна,
Ды павінна вам сказаць,
Што без бульбы на выдатна
Ні паесці, ні сплясаць!
Вельмі смачны агурэц
Толькі з бульбай маладзец!
Хоць і сварыцца цыбуля,
Ды сябруе з смачнай бульбай.
Бульбу там і бульбу тут
Людзі хваляць, як ядуць.
Нездарма шануюць бульбу,
«Другім хлебам» усе завуць!

1-шы хлопчык. Нямала танцаў ёсць на свеце,
Умей іх толькі выбіраць.
А вось гэты слаўны танец
Хочам вам мы паказаць.

Дзеці старэйшай групы выконваюць танец «Бульба дэнс».

Вядучы (чытае верш А. Ставера).
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніте працу Чалавека,
І Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас ў свеце,
Я лепшых слоў не падбяру,
Шануйце дрэвы на планеце,
Святую нашу Беларусь,
І мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з рода ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ.
Музычны кіраўнік (чытае верш Ю. Свіркі).
На карце вялікага свету
Яна, як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой,
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла – Беларусь!

Дзеці выконваюць заключную песню-танец «Белая Русь» (сл. і муз. І. Цімакова).

ВОЛЬГА ЛУКАШЭВІЧ, музычны кіраўнік ясляў-сада № 4 г. Скідзеля