Мая вёсачка: падарожжа па Капцёўцы
Інтэграваныя заняткі па адукацыйных галінах «Дзіця і грамадства» і «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» для дзяцей старэйшай групы (5–6 гадоў)
Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы. З роднага куточка зямлі пачынаецца для маленькага чалавека вялікая страна, грамадзянінам якой ён праз колькі гадоў сябе асэнсуе. А, як кажуць, каб любіць – трэба ведаць. Прапануем занятак-знаёмства з родным населеным пунктам.
Мэта: фарміраванне сацыяльнага вопыту; развіццё цікавасці да роднага краю, нацыянальнай культуры; фарміраванне ўсведамлення сваёй прыналежнасці да малой радзімы, пазітыўнай самаацэнкі вынікаў працы і дзейнасці дарослых; выхаванне маральных і эстэтычных пачуццяў.
Задачы: фарміраваць уяўленні пра родны населены пункт – аграгарадок Капцёўка, пра яго вуліцы, выдатныя мясціны; замацоўваць веды аб асаблівасцях жыцця ў горадзе і вёсцы праз параўнанне іх паміж сабой; замацаваць назвы прафесій дарослых, якія працуюць у вёсцы; фармірваць уяўленні аб працы і яе значэнні для людзей, замацаваць веды пра тое, як да нас прыйшоў хлеб; фарміраваць уяўленні пра беларускія народныя промыслы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; развіваць зрокавую і слыхавую ўвагу, творчае ўяўленне, памяць, мысленне, беларускае маўленне; выкарыстоўваць розныя формы ўтварэння слоў; замацоўваць беларускае вымаўленне гукаў [ў], [ц]; выхоўваць пачуццё патрыятызму, любоў да радзімы, паважлівыя адносіны да гісторыі і культуры сваёй краіны.
Метады: наглядны (дэманстрацыя слайдаў), практычны (гульні «Іванка і Марылька», «Складзі карцінку», «Як прыйшоў хлеб»), слоўны (аповед выхавальніка, загадванне загадак, чытанне вершаў).
Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапісы песень «Вёсачка мая», «Бульба»; музычнае суправаджэнне для гульні «Іванка і Марылька», пазлы для гульні «Складзі карцінку»; карткі «Дарога хлеба»; мультымедыйная ўстаноўка, прэзентацыя; макет вуліцы, цаглінкі; падарунак ад пана Копціча – каравай.
Папярэдняя праца: падбор загадак; развучванне з дзецьмі вершаў, танцаў, гульняў; экскурсія па аграгарадку; знаёмства з прафесіямі жыхароў вёскі і прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў працэсе спецыяльна арганізаванай дзейнасці, гутаркі на тэму «Кім працуюць мае бацькі», «Любімыя мясціны майго аграгарадка».
Ход заняткаў
Гучыць аўдыязапіс песні «Вёсачка мая» (у выкананні гурта «Бяседа»). Дзеці заходзяць у группу і займаюць свае месцы.
Выхавальнік. Добры дзень, дзеці. Пра што нашы сённяшнія заняткі вы можаце здагадацца па песні. Чуеце, якая яна прыгожая? Пра што ў ёй спяваецца? Так, гэта песня пра вёску. А мы з вамі дзе жывём? Як называецца наша вёска? (Капцёўка.) Можа, хто-небудзь з вас ведае вершы пра вёску, пра нашу краіну? Раскажыце, калі ласка.
Дзеці чытаюць вершы.
Выхавальнік. Мы з вамі жывём на Гродзеншчыне, у прыгожай мясцовасці – у вёсцы Капцёўка. Ці ведаеце вы, адкуль пайшла назва Капцёўкі? Пра гэта вам раскажа наш госць – пан Копціч.
Пад музыку ўваходзіць пан Копціч.
Пан Копціч. Вітаю вас, мае даражэнькія землякі! Хочаце даведацца, чаму ваша радзіма завецца Капцёўкай, а мы з вамі – копцічамі? Тады слухайце ўважліва. Назва нашай вёсачкі пайшла ад слова «капціць». Раней яна славілася смачнай смажанай і копчанай ежай – мясам. Аднойчы пан паспрабаваў прысмакі, якія рабілі яе жыхары і вырашыў даць гэтаму месцу назву Капцёўка.
Выхавальнік. Наша вёска з’явілася на Беларусі шмат гадоў таму. А зусім нядаўна яна пачала называцца аграгарадком. У нас пабудаваны новыя шматпавярховыя дамы, новы Дом культуры, адрамантаваны школа і кафэ, заасфальтаваны вуліцы.
Пан Копціч. Зараз праверым, ці ведаеце вы, што знаходзіцца ў нашай Капцёўцы. Калі вы адгадаеце загадку, то на экране з’явіцца адгадка. За кожны правільны адказ вы атрымаеце цаглінку, з якіх потым зможаце пабудаваць свой дом.
Сюды вы рана раніцай прыходзіце –
Ў прыгодах і забавах час праводзіце.
(Дзіцячы сад)
Дом-палац стаіць высокі –
Нашых ведаў там вытокі,
Радасць свеціцца наўкола.
Ну, вядома, гэта… (школа).
Трэба хлеба нам купіць,
Падаруначак набыць.
Сумку мы тады бяром,
Да будыніны ідзём,
Там праходзім ля вітрын,
Бо прыйшлі мы ў… (магазін).
У гэтым доме ёсць харомы,
Жывуць і казачныя гномы.
Усе мы тут збіраемся –
На канцэрт спяшаемся.
(Дом культуры)
У любы куток Зямлі
Адпраўляем мы заўжды
І паштоўку, і ліст, і пасылку
Дзякуючы гэтаму будынку.
(Пошта)
Маленькі ўтульны будынак,
Там многа цудоўных людзей.
Калі захварэў ты раптоўна –
Сюды паспяшайся хутчэй.
(Амбулаторыя)
Выхавальнік. Малайцы! Акрамя гэтага, у нас ёсць свае выдатныя мясціны. І вы ўсе добра іх ведаеце, часта наведваеце. Гэта наша старажытная царква, адноўлены касцёл, а таксама месца памяці – помнік загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны.
Пан Копціч. У нашай весцы жыве каля 850 жыхароў. А значыць, тут многа жылых дамоў. Ёсць вуліцы са шматпавярховымі дамамі, але шмат у Капцёўцы і вуліц з аднапавярховымі драўлянымі або цаглянымі хатамі. Кожная сям’я тут жыве у асобным доме, дзе ёсць свой сад і агарод.
Выхавальнік. А зараз адкажыце на мае пытанні. За правільны адказ таксама атрымаеце цаглінку.
У горадзе жывуць гараджане, а ў вёсцы… (вяскоўцы, сяляне).
У горадзе дамы шматпавярховыя, а ў вёсцы часцей за ўсё… (аднапавярховыя).
У горадзе людзі на працу могуць ездзіць на аўтобусе, а ў вёсцы… (на веласіпедзе, асабістай машыне або ходзяць пешшу).
Мы жывём у Беларусі, значыць, мы называемся… (беларусы).
Мы жывём на Гродзеншчыне, значыць, мы называемся… (гродзенцы).
Якая вуліца ў нашым аграгарадку самая новая? Чаму яна так называецца?
Якая вуліца самая старая? Падказка: яна цэнтральная ў нашым аграгарадку. (Гэта вуліца Перамогі. Дамы тут настолькі старыя, што некаторыя з іх пачалі зносіць, а на іх месцы будаваць новыя.)
Якая вуліца самая кароткая?
На якой вуліцы жыве большасць дзяцей нашай групы? Чаму яна так называецца? (Вуліца Маладзёжная. Называецца яна так таму, што на ёй у асноўным жывуць маладыя сем’і з маленькімі дзеткамі – наша моладзь.)
Пан Копціч. Малайцы! А зараз давайце патанцуем.
Выконваецца танец «Бульба».
Выхавальнік. Але самае галоўнае, чым славіцца наша малая радзіма, – гэта яе жыхары, працавітыя і сумленныя людзі. Гэта людзі, якія з рання да позняга вечара працуюць у полі, на жывёлагадоўчых фермах. Як вы думаеце, чаму ў вёсцы чалавек столькі працуе? (Ён корміць сябе, свае сем’і, а таксама жыхароў горада).
Пан Копціч. Ці ведаеце вы прафесіі жыхароў нашай вёскі? Давайце пагуляем. Я пачну, а вы прадоўжыце.
У полі арэ, барануе, сее. (Трактарыст)
Ведае ўсё пра расліны: калі і як іх садзіць, паліваць, угнойваць. (Аграном)
У полі жне, малоціць зярняты, ссыпае іх у кузаў. (Камбайнер)
Возіць грузы з поля. (Шафёр, вадзіцель)
Даглядае і доіць кароў. (Даярка)
Даглядае маленькіх цялятак. (Цялятніца)
Лечыць жывёл. (Ветэрынар)
І ў снег, і ў гром нясе пісьмо табе ў дом. (Паштальён)
Вучыць дзяцей чытаць і пісаць. (Настаўнік)
Лечыць нас ад усіх хвароб. (Урач, доктар)
Выхавальнік. Якія вы разумныя! А цяпер давайце ўспомнім, як з’яўляецца хлеб на нашым стале, і размесцім па парадку карткі-ілюстрыцыі, якія расказваюць пра дарогу хлеба да нас, на наш стол.
Вясной трактарыст узарэ глебу, засее поле зернем.
Усё лета збожжа расце і наліваецца.
Калі збожжа паспее, камбайнер жне вырашчанае калоссе, а зерне сыплецца ў грузавік.
Шафёр вязе зерне на млын.
Там яго малоцяць і атрымоўваюць муку.
З мукі ў пякарні пякуць хлеб.
На спецыяльнай грузавой машыне хлеб прывозяць у краму.
Там мы яго купляем і прыносім дамоў.
Пан Копціч. А зараз пагуляем у гульню «Іванка і Марылька».
Гульня-карагод «Іванка і Марылька»
Выбіраецца дзяўчынка – Марылька. Яна з хустачкай у руцэ становіцца ў сярэдзіну круга. Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па кругу і спяваюць:
А дзе той Іванка, (3 разы)
Што ўстае зранку?
Ён спрытны, працавіты,
Танцуе, пяе і ў вучобе не адстае.
Іванка, выбежы, свой спрыт пакажы.
Марылька ходзіць па кругу, шукаючы Іванку.
Пасля таго як дзеці скончылі спяваць, яны спыняюцца, а Марылька выбірае якога-небудзь хлопчыка (Іванку) і запрашае выйсці ў круг. Іванка са словамі «гоп-гоп-гоп» бчжыць у сярэдзіну круга і прыгаворвае:
Як тупну нагой, да прытупну другой (тупае),
Кругом пакружуся (кружыцца),
Усім людзям пакажуся (выконвае танцавальныя рухі).
Марылька танцуе вакол Іванкі, махаючы хустачкай. Дзеці дружна пляскаюць у далоні і прыгаворваюць:
Танцуй, танцуй, Іванка, хоць да ранку,
Толькі Марыльку з сабой забяры.
Іванка бярэ Марыльку за руку, вядзе яе на сваё месца ў крузе.
Затым выбіраецца другая дзяўчынка Марылька і гульня працягваецца.
Выхавальнік. Здаўна у нашай мясцовасці жылі працавітыя, старанныя людзі, якія любілі майстраваць. У іх атрымліваліся цудоўныя, непаўторныя вырабы. Паглядзіце на экран. (Дэманструюцца вырабы з гліны, саломкі, лазы, ільну.)
Пан Копціч. А вось вам і заданне. З частак, якія знаходзяцца ў вас на сталах, складзіце выяву прадмета – вырабу дэкаратыўнага мастацтва.
Гульня «Складзі карцінку»
Выхавальнік. Вы сёння старанна працавалі! Малайцы! За свае правільныя адказы вы атрымалі цаглінкі. Давайце пабудуем з іх дамы вось на гэтай вуліцы.
На макет вуліцы дзеці мацуюць свае цаглінкі, узводзячы дамы.
Выхавальнік. Прыгожая вуліца ў нас атрымалася! А як мы яе назавём? (Варыянты дзяцей. Выбіраецца назва вуліцы).
Пан Копціч. А ад мяне за вашу працу вам падарунак. (Прапануе дзецям каравай.) Частуйцеся, калі ласка!
Літаратура
Учебная программа дошкольного образования для учреждений дошкольного образования с русским языком обучения и воспитания / М-во образования Респ. Беларусь. – Минск : НИО, 2023. – 380 с.
Фотаздымкі заняткаў:
https://cloud.mail.ru/public/WN5c/FcB3pJsbb
АЛЕНА ЯНКОВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, АЛЕНА
ЗАНЕЎСКАЯ, выхавацель дашкольнай адукацыі 1 катэгорыі, ДУА "Дзіцячы сад
аграгарадка Капцёўка".