Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Каша – сіла наша

Чаму нашы продкі так любілі есці кашу? Ці сапраўды яна з’яўляецца крыніцай здароўя і моцы? Як яе раней гатавалі? Маленькія наведвальнікі Карэліцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ведаюць гэтыя таямніцы на «выдатна».

Задачы: фарміраваць у дзяцей культуру прыняцця ежы, цікавасць да працэсу прыгатавання кашы; развіваць уменні ўступаць у зносіны на тэмы з асабістага вопыту і ўтвараць прыметнікі з дапамогай суфіксаў; выхоўваць элементарную культуру паводзін за сталом, пачуццё прыналежнасці да нацыянальных культурных традыцый.

Папярэдняя работа: завучванне пагаворак пра кашу і правіл паводзін за сталом, знаёмства з рознымі крупамі.

Матэрыялы і абсталяванне: муляж печы; гаршчкі; ячныя крупы; малюнкі гаршчкоў з рознымі крупамі; схема пра правілы прыняцця ежы; медальёны з выявамі вады, солі, цукру і круп.

ХОД ЗАНЯТКА
Выхавальніца. Добры дзень, мае даражэнькія, вялікія і маленькія! Рада ўсіх вас прывітаць, а яшчэ пачаставаць. Чым я вас хачу пачаставаць? Паспрабуйце адгадаць!
Крупы ў чыгунок засыпала,
Вадой халоднай залівала,
Ставіла ў печ прыпарыцца,
Што тут можа атрымацца? (Каша.)
Так, гэта каша. Спрадвеку яна займала ў нашага народа галоўнае месца на стале як у багатых, так і ў бедных людзей. Каша – гэта карысная ежа, якая дапамагала нашым продкам быць здаровымі і дужымі, таму пра яе так і казалі: «Каша – сіла наша». Што вы сёння елі з раніцы? Чаму трэба есці кашу на снеданне? (Бо з раніцы шмат работы, заняткі, на ўсё трэба шмат сіл і энергіі, а ў кашы многа карысных вітамінаў.) Што значыць, калі пра чалавека кажуць, што ён мала кашы еў? (Так кажуць пра слабых людзей.) Але ж мы не хочам быць такімі, таму сёння з’елі ўсю кашу і будзем заўсёды яе есці. Згодны? (Да!) А ці ведаеце вы, якія бываюць наогул кашы?

Скажы, якая каша

Выхавальнік кідае дзецям па чарзе мячык і пытаецца:
Каша з гароху якая? (Гарохавая.)
Каша з грэцкіх круп якая? (Грачаная.)
Каша з проса якая? (Прасяная.)
Каша з геркулеса якая? (Геркулесавая.)
Каша з рыса якая? (Рысавая.)
Каша з манкі якая? (Манная.)
Каша з аўсянкі якая? (Аўсяная.)
Каша з ячных круп (панцаку) якая?(Ячная.)
Каша з пшаніцы якая? (Пшанічная.)
Каша з сачавіцы якая? (Сачавічная.)

Выхавальніца. Раней, калі не было газавых і электрычных пліт, кашу варылі ў печы. Вось паглядзіце, як гэта было. (Выхавацель падыходзіць да муляжа печы.) У печ накладвалі
дровы, падпальвалі іх. Калі дровы згаралі, у вугалькі ўстаўлялі чыгунок з крупамі і вадой. Я хачу сёння пачаставаць вас смачнай беларускай кашай з панцаку. Так у нашых мясцінах называецца ячная крупа. Бачыце, як яна выглядае? Сыпце кожны па жменьцы ў чыгунок! Зараз я дабаўлю вады, трошкі цукру, пасалю ды пастаўлю кашу ў печ. Няхай варыцца!

Варым кашу
Выхавальніца. Станьце ў кола. Гэта гаршчок. Што патрэбна, каб зварыць кашу? (Вада, соль, цукар, крупы.)
Правільна! Цяпер кожны з вас будзе адным з такіх прадуктаў. (Дэманструе медальёны.) Я буду называць іх, а вы, калі толькі пачуеце свой прадукт, адразу выходзьце ў сярэдзіну кола.
Раз, два, тры!
Кашу, наш гаршчок, вары!
Мы ўважлівымі будзем
I нічога не забудзем!
Наліваем мы ваду… (Выходзіць дзіця з медальёнам вады.)
Мы ўважлівымі будзем
I нічога не забудзем!
Сыплем соль… (Выходзіць дзіця з медальёнам солі.)
Мы ўважлівымі будзем
I нічога не забудзем!
Сыплем цукар… (Выходзіць дзіця з медальёнам цукру.)
Мы ўважлівымі будзем
I нічога не забудзем!
Насыпаем мы круп… (Выходзіць дзіця з медальёнам круп.)
Усе прадукты мы змясілі... (Дзеці ходзяць ў розных напрамках.)
Каша варыцца: «Пых-пых-пых!»
(Дзеці пляскаюць у далоні.)
Для вялікіх і малых!
Што мы варым у печы? (Панцак.)
Каб каша была яшчэ смачнейшай,
давайце скажам чароўныя словы.
Чыстамоўка
Дзеці расказваюць чыстамоўкі:
«Цак-цак-цак – варым мы панцак!»,
«Ку-ку-ку – будзе каша з панцаку!».

Выхавальніца. А зараз давайце выйдзем да печы ды скажам яшчэ адны чароўныя словы, каб каша хутчэй варылася!

Пальчыкавая гімнастыка
Варыся, варыся, каша!
Варыся хутчэй! (Дзеці водзяць указальным пальцам адной рукі па далоні другой.)
Будзем есці кашу,
Станем мы дужэй! (Згінаюць рукі ў локцях, сціскаючы пальцы ў кулак.)
Пых-пых! Пых-пых!
Станем мы дужэй! (Пляскаюць у далоні.)
Выхавальніца. У кожнага ёсць любімая каша. Выбярцые яе на малюнку і раскажыце, чаму вы яе любіце.
1-е дзіця. Я люблю рысавую кашу. Рыс расце амаль у вадзе і багаты вітамінамі.
2-е дзіця. Я люблю прасяную кашу. Яна дапамагае ўмацоўваць косці, зубы і валасы.
3-е дзіця. Я люблю грачаную. Бо грэчка багата жалезам і карысна для дзяцей.
4-е дзіця. Я люблю манку. Яе атрымліваюць з пшаніцы. Яна лёгкая і смачная, асабліва з яблыкам.
5-е дзіця. А я люблю аўсяную кашу.
Гэта каша прыгажосці. Яна карысна для скуры і жалудка.

Выхавальніца. Ведаеце, чаму я вырашыла сёння пачаставаць вас панцаком? Бо ў гэтай кашы ёсць клятчатка і шмат карысных рэчаў. Яна дапамагае знізіць алергічныя рэакцыі, знішчыць шкодныя мікраарганізмы і нават вылячыць захворванні скуры. Мне здаецца, што наша каша ўжо зварылася. Але спачатку хачу паслухаць прымаўкі пра кашу.

Прымаўкі пра кашу
Дзеці расказваюць прымаўкі:
1. Кашу маслам не сапсуеш.
2. Без кашы сям’ю не накорміш.
3. Дзе каша, там і месца наша.
4. Каша – карміліца наша.
5. Дзе каша ды аладка, там будзе і грамадка.

Выхавальніца. Вы сёння вялікія малайцы! Давайце паглядзім, як там наша каша? (Употайкі дастае сапраўдную кашу з панцаку.) Вой! Як смачна пахне! Але спачатку мы пачастуем гасцей. (Дзеці частуюць гледачоў.)

А цяпер і нам пара паспрабаваць нашу ячную кашу. Нагадайце, як яна ў нас завецца? (Панцак.) Толькі давайце ўспомнім правілы прыняцця ежы і паводзін за сталом. Дзеці па схеме расказваюць правілы.

Выхавальніца. Запрашаю ўсіх за стол.
Лепш за кашу страў няма,
Няма лепей панцака!
Ешце, дзеткі, усё са смакам
I кажыце потым «Дзякуй!»

ТЭКСТ: IРЫНА АРЦЮХ, выхавацель дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. п. Карэлічы Гродзенскай вобласці
ФОТО: аўтара