Уладзімір Ліпскі: «А мой нектар – чалавечнасць»
Свечка жыцця, якую запальвае анёл, калі нараджаецца дзіця, гарыць, змяншаецца, што б ты ні рабіў. І калі задумацца пра час, які табе адведзены, тады з’яўляюцца вызначальныя пытанні: навошта ты прыйшоў у гэты свет, што ты хочаш зрабіць, што пакінуць пасля сябе. Пра гэта і разважае дзіцячы пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі.
– Уладзімір Сцяпанавіч, у чым заключаецца галоўная філасофія Вашай творчасці і жыцця?
– У мяне ёсць афарызм: «Калі ты не будзеш цаніць секундную стрэлку, ты губляеш гадзіны, дні, гады. Беражы яе!» І гэта сапраўды так. Наша жыццё, як своеасаблівая кардыяграма, вельмі хвалістае і зменлівае. Якія б нягоды ці цяжкасці ні адбываліся, усё абавязкова атрымаецца. Вучыцеся верыць. Невялікая навука, аднак яе трэба засвоіць. Многа ў маім жыцці было і добрага, і дрэннага. Але ж я заўсёды заставаўся сабой. Не здрадзіць сабе, не згубіць чалавечыя якасці – і ёсць мая філасофія. Нават адна з маіх першых кніжачак называлася «Знайдзі сябе».
– «А мой нектар – чалавечнасць. Не згубіць, не збядніць, не страціць высокае званне Чалавека. Застацца ім ва ўсіх праявах жыцця». Гэтыя словы згадваюцца ў Вашай новай кнізе «Каранацыя душы».
– Я вельмі люблю Льва Талстога. З яго ўспамінаў мяне зачапіў адзін выраз: «Жизнь измеряется не временем, а человечностью». Але гэта не так лёгка – заставацца чалавекам у любой сітуацыі. Не ведаеш, што сказаць, прамаўчы. Часам пацярпі, вытрымай, аднак не схіляйся ў той бок, куды дзьме вецер. І тады за сваё жыццё ты шмат чаго паспееш зрабіць, тваё сумленне будзе чыстым, ты без сораму зможаш пазіраць людзям у вочы. Тады з’яўляецца акрыленасць, жаданне працаваць дзеля сябе.
– Адзін з Вашых афарызмаў гучыць: «Выхаванне працай – залог даўгалецця». Пачынаць трэба з дзяцінства?
– Чалавеку ад народзінаў няма часу расседжвацца, спаць, бо застанецца недаросткам. Аднойчы я прачынаюся раніцай, а бацька ўжо ідзе з касавіцы і нясе бярозавы кубарык з суніцамі. Накасіўся, стаміўся, але свайму Валодзьку прынёс ягад. Ем гэтыя салодкія зорачкі і чую: «Смачна? Паеў? Цяпер вазьмі грабелькі, збегай на сенакос, разбі пракосы, каб хутчэй высахлі». Дык я і не рады быў, што з’еў суніцы! (Смяецца.) Трэба туды ісці, а там жабы, вужы… Трошкі страшна. Але і адмовіць не можаш. Вось такая сялянская педагогіка.
– Творы «Мама. Малітва сына» і «Бацька. Пісьмы сына» пранізаны глыбокай любоўю да сваіх бацькоў. Адкажыце, калі ласка, чаму гэтая тэма – адна з вядучых у Вашай творчасці?
– Бацькі падарылі мне жыццё. Для іх не было нічога больш значнага, чым дзеці. А нас было шасцёра. І я заўсёды быў вельмі ўдзячны бацькам за тое, чаму яны навучылі і што перадалі.
Памятаю такі выпадак: прачынаюся, калі ўжо сонца асвяціла хату, на стале блінцы стаяць, дома нікога няма. Тата дзесьці на рабоце, а мама – у градках. Я паеў і пабег да яе. То вады прынясу, то яшчэ што-небудзь зраблю. Яна не прасіла, не казала: «Дапамагай!» А я ўжо сам разумеў, што трэба аддзячыць. «Мама. Малітвы сына» прысвечаны ёй.
Пра бацьку таксама хацелася напісаць. А пра што? Ён шмат часу працаваў, усё ўмеў, тры хаты пабудаваў, меў мазольныя рукі, як усе, ад чаркі не адмаўляўся. І калі я задумаўся, дык напісаў «Бацька. Пісьмы на неба», бо не паспеў з ім нагаварыцца. Кнігі – гэта ў першую чаргу мая падзяка ім.
– Вы шмат ствараеце дзіцячых твораў, былі кіраўніком Беларускага дзіцячага фонду, працуеце ў часопісах «Вясёлка» і «Буся». Чаму вырашылі прысвяціць сваё жыццё служэнню дзецям?
– Так атрымалася, што свайго дзяцінства ў мяне не было. Я быў маленькім, калі пачалася вайна. Нашу вёску спалілі, мы жылі ў зямлянках. Цяжка ўявіць, чым карміла маці, як сагравала. І вось усё жыццё я быццам даганяю страчаныя раннія гады, таму мае творы і прысвечаны дзецям.
Мне здаецца, я іх трошкі ведаю. З імі трэба размаўляць па-сур’ёзнаму, каб яны паверылі ў сяброўства з дарослым, а калі ты пісьменнік, то ў твае словы. У размове з імі я заўсёды шукаю тэму, якая б адгукалася ў сэрцы. Ужо амаль 42 гады я працую ў «Вясёлцы». Хацелі чыноўнікам зрабіць, ды я не пагадзіўся.
– І якія тэмы, на Ваш погляд, цяпер найбольш цікавяць маладое пакаленне? Пра што патрэбна пісаць?
– Неабходна браць такія тэмы, якія чапляюць, кранаюць душу. У кнізе “Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод” я ўздымаю сур’ёзную тэму – радавод, твае карані, хто ты ў сямейным дрэве. Я атрымаў сотню водгукаў з усёй Беларусі. Урывак з кнігі ўключаны ў школьны падручнік.
– Неяк Вы адзначылі, што першы літаратурны ўрок, які атрымалі, – не спяшацца несці напісанае ў рэдакцыю. Трэба адкласці твор убок, потым праглядзець на свежую галаву і падумаць, як яго можна дапрацаваць. Што яшчэ трэба ведаць пісьменніку, які толькі пачынае свой літаратурны шлях?
– Ведаеце, трохі трывожуся – апошнім часам развялося шмат «пісьменнікаў». Я сябе баюся называць так, хаця шмат чаго зрабіў. Быць пісьменнікам – вялікая адказнасць. Неабходна, каб думкі былі адметнымі, не штампаванымі выразамі. Я жартую, што літаратуру ствараюць два аўтары: адзін – майстар слова, другі – графаман, які лічыць сябе геніем.
Пісаць – работа карпатлівая. Таму не спяшайцеся, думайце над кожным словам. І вучыцеся, як казаў мой бацька, каб валам хвасты не накручваць. Праглядайце слоўнікі. Я заўсёды чытаю класікаў з аловачкам, выпісваю штосьці. Для чаго пісьменнік прыдумаў новае слоўца? Каб ім маглі карыстацца.
– Сёлета выйшлі дзве Вашы кнігі: ужо згаданая «Каранацыя душы» і «Усякі дзень апошні», якія з’яўляюцца даволі спавядальнымі. Ці не цяжка дзяліцца патаемнымі думкамі з іншымі?
– Канешне, гэта не так проста. Не кожны пагодзіцца зрабіць сваю споведзь. Ты заўсёды павінен быць адказны за свае словы, але калі ёсць нейкія думкі, дык чаму б і не падзяліцца імі?
Здаецца, я знаходжуся на той вышыні, калі ўжо магу штосьці сказаць: не хваліць, а павучаць. Можа, камусьці спатрэбяцца мае ўспаміны ці разважанні. А яшчэ я ведаю, калі лепш прамаўчаць.
Некалькі дзён таму я сядзеў вечарам і рыхтаваў адну кнігу з серыі «Асобы», і стала мне цікава чалавечае маўчанне: ці добрая гэта з’ява, ці наадварот. І думкі ператварыліся ў афарызмы:
«Маўчанне – атамная зброя»; «Маўчанне раніць і забівае»; «Маўчанне – лекар душы»; «Маўчыць лес, пакуль вецер не зашуміць». Не ведаю, ці ўвойдуць яны ў споведзь, але паразважаць ёсць над чым.
Карацей кажучы, дзённікі выхоўваюць. Я б параіў усім запісваць свае думкі. Дзень праходзіць, а застанецца ён у памяці ці не, хто ведае? Я шмат дзённікаў напісаў. Аднойчы нават задумаў весці на працягу года. Не мог дачакацца, калі ён скончыцца! Бо адзін дзень дорыць нейкую навіну ці сустрэчу, а ў другі нічога не адбываецца, а запісаць нешта трэба. Гэтую кнігу я назваў
«Уліпкі» – Ліпскі ўліп! (Смяецца.)
– Размаўляючы з Вамі, не магу не заўважыць нязгасны аптымізм, уменне шчыра радавацца кожнаму дню і любіць жыццё, нягледзячы на ўсе нягоды. Як Вам гэта ўдаецца?
– Ёсць у мяне традыцыя: раніцай я заўсёды падыходжу да акна. З аптымістычным настроем пачынаю новы дзень. І нягледзячы на дождж з маланкай, трэба прывучаць сябе радавацца кожнаму моманту свайго жыцця, з усмешкай глядзець у будучыню. Умець цаніць сяброўства і шанаваць усялякае жыццё, дадзенае чалавеку.
Трыццаць гадоў я працаваў у Беларускім дзіцячым фондзе. Колькі суцяшаў маленькіх інвалідаў! Шмат з іх цяпер сталі спевакамі, паэтамі. Бо змагаліся. А калі чалавек апускаў рукі, тады прападаў. Вы ж сваім часопісам «Здаровы лад жыцця» таксама настройваеце людзей на пазітыў.
– Раз ужо згадалі здаровы лад жыцця… Амаль кожны дзень Вы наведваеце басейн і праплываеце па кіламетры. А яшчэ ў 75 гадоў сталі чэмпіёнам Беларусі па плаванні ў сваёй узроставай катэгорыі. Раскажыце пра гэта падрабязней.
– Некалі сусед прапанаваў пайсці рыбу лавіць. Узялі таптуху, ды і рушылі на рэчку Уша. Так склалася, што яе неабходна было пераплыць. Я стаміўся, натрапіў на вір і пайшоў на дно. І добра ж, што сябар паспеў выцягнуць, ваду адкачаў і завёз на матацыкле ў бальніцу. Пасля гэтага выпадку я доўга баяўся вады, а потым вырашыў пераадолець страх. Запісаўся ў басейн і пачаў трэніравацца. Па сённяшні дзень плаваю.
На працягу 20 гадоў адзначаў свае дасягненні: за год атрымліваецца па 100–120 км. Аднойчы мяне запрасілі на спаборніцтвы ў Брэст. Памятаю, што там было шмат пераможцаў з іншых турніраў, нават рэспубліканскіх. Але ж у сваім узросце я заняў першае месца. Праплыў 50 м вольным стылем за 1,01 хвіліны. Вельмі задаволены. Пакуль не чуў, каб хтосьці пабіў мой рэкорд. (Усміхаецца.)
– Не кожны чалавек адважыцца перамагчы свой страх.
– Так, гэта было складана. Пачынаў вельмі асцярожна. Пасля ўжо спрабаваў праплыць кролем, брасам. Усё залежыць ад псіхалагічнага настрою. Ведаеце, павінен быць унутраны стрыжань, і тады ўсё атрымаецца. Без яго чалавек аморфны, ненадзейны.
– Нешта мне падказвае, што любоў да рыбалкі на тым выпадку не скончылася.
– Так, магу цэлы дзень сядзець з вудою, пазіраць на паплавок і вакол сябе. У гэты час на чароце можна заўважыць чарацянку, якая хістаецца, спявае. Альбо страказу, што адпачывае на паплаўку. А я гляджу на яе і думаю, як жа незвычайна яна ўстроена прыродай. Гляджу і атрымліваю асалоду. Дык і цікава, што злаўлю.
Яшчэ вельмі люблю перадачы пра рыбалку. Кожны раз зайздрошчу рыбакам, якіх паказваюць па тэлебачанні, бо, калі б была магчымасць, кожны дзень хадзіў бы. Нават пішу сваім дзецям: «А раптам выцягну залатую рыбку, дык што папрасіць?» Гэта таксама выхоўвае ўнутраны свет. Чалавеку патрэбна такая аддушына.
– А як Вы ставіцеся да «ціхага палявання»?
– О, грыбы – мая пажыццёвая таямніца. Люблю іх шукаць, запрашаць у кошык і прыгадваць пасля за гасцінным сталом.
– Падвядзіце выснову, што для Вас здаровы лад жыцця.
– Нядаўна выступаў у адной школе. Сабраліся ў актавай зале падлеткі, а я іх раптам пытаю: «Вы верыце, што ў кожнага чалавека ёсць мазгі?» Пагадзіліся, што так. Дык я працягваю: «А чаму тады мазгі ёсць ва ўсіх, а розум не ў кожнага?» І тут, уяўляеце, яны задумаліся. Змоўклі. Здаецца, гэта і ёсць ключ да ўсяго: да здаровага ладу жыцця, да сумлення і да высокага звання быць Чалавекам.
Па-першае, трэба пастаянна вучыцца думаць. І тут дапамагае кніга, бо без добрага слова нельга. Па-другое, развіваць мускулы душы. Гэта значыць жыць у гармоніі з сабой. А потым ужо можна займацца фізічнай падрыхтоўкай. Я часта слухаю спартсменаў, чэмпіёнаў, якія заваявалі медалі, але моўны запас іх бедны. Здаровы лад жыцця для мяне звязаны з духоўным ростам, а пасля ўжо з фізічным.
Прывяду яшчэ адзін прыклад з жыцця. У 5 класе настаўнік фізкультуры вывеў нас на стадыён, дзе стаяў турнік, і загадаў падцягнуцца. Хто змог, хто не. Падышла мая чарга. Павіс я на гэтай перакладзіне, але ж адчуваю, што не атрымліваецца выканаць заданне. Патрэбна трэніроўка. А настаўнік глядзіць і ціха кажа: «Гэта ўсё?» Лепш бы ён накрычаў ці раззлаваўся…
Мяне вельмі кранулі яго словы. Я тады прыйшоў дадому растрывожаны, нават есці не было жадання. І вось я самастойна выразаў два слупы, паўкопваў іх у зямлю, знайшоў недзе шворан металічны і зрабіў турнік. А потым пачаў кожны дзень займацца. Праз два тыдні я ўжо перакуліцца змог. Прыйшоў у школу і паказаў усім, як трэба. (Усміхаецца.)
– Над чым цяпер працуеце?
– Для нашага невялікага часопіса «Буся» пішу аповесць пра Марынку-смяшынку, якая вучыцца думаць. Яна мяркуе, чаму нешта адбываецца так, а не інакш, спрабуе зразумець нейкія з’явы. І да гэтага яе падштурхоўваюць бацькі.
Нядаўна скончыў твор «Цімох Вох-Вох» (надрукуе выдавецтва «Народная асвета»). Ён пра хлопчыка, ад якога збег мабільнік. А гэта ж трагедыя! Што рабіць? Як быць? (Усміхаецца.) Цімох паехаў да бабулі ў вёску, пазнаёміўся з цікавай дзяўчынкай-гаспадыняй, якая паказала яму луг, кветкі, ды і забыўся пра свой тэлефон. У «Вясёлцы» ўжо размяшчалі гэты твор, а зараз ён выйдзе кнігай.
– Пісьменнікі нярэдка сутыкаюцца з эмацыянальным ці прафесійным выгараннем. Як Вы аднаўляеце сілы?
– Чытаю класіку, слоўнікі. Гэта вельмі дапамагае. Нядаўна з такім задавальненнем прачытаў Івана Пташнікава «Ільвы». А калісьці ён знаёміўся з маімі апавяданнямі, даваў нейкія парады, заўвагі. Трэба ж падтрымліваць адзін аднаго. І пастаянна вучыцца.
– Традыцыйнае пажаданне чытачам.
– Чытайце «Здоровый образ жизни», бо так устроены свет, што чалавеку трэба падказваць, каб заставацца моцным пры любых абставінах. Развівайце мускулы душы. Не стамляйцеся працаваць, і ўсё гэта вам адгукнецца.
КАЦЯРЫНА САРОКА