Диагностика здоровья Фоторепортажи Видео Обратная связь
Здоровые мысли. Здоровая еда. Здоровое тело.

Голас душы

Шукайце дабра, а не ліха, каб засталіся вы жывыя...

Кніга прарока Амоса, 5:14

Божа!
Навучы палюбіць дабро,

навучы зненавідзець зло.
Дай мужнасці змагацца з усімі,

хто варожа сустракае
ўсялякі шчыры пачын.
Не дай спатыкацца двойчы

аб адзін і той жа камень.
Навучы рабіць добрыя справы,

яны даражэйшыя за бочку пустых

слоў.
Гісторыя ведае шмат уладароў,
якія не ўмелі з гонарам насіць сваё імя.

Яны паміралі ў страшных пакутах.
Нашчадкі праклінаюць іх,
стагоддзямі не могуць сцерці іх ганьбы.
У імя дабрыні
выпрабуй неслухаў бядой,

бо і зло робіць дабро,
калі яно памірае.

Навучы, Божа,
рабіць дабраславёныя дзеі.

Навучы не браць,
а аддаваць.
І слава спаткае тых,

хто мала пра яе думае.

Рабіць дабро — прыкмета пакоры,

духоўнага ўзвышэння.
А гэта і ёсць хрысціянская мудрасць.

Дай наталіцца ёю, Божа,

ва ўсе дні
майго зямнога жыцця.
Амін.


***
Хто сее скупа, той скупа  і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
Другое Пасланне да Карынфянаў, 9:6

На полі зямным:
што пасееш, тое і пажнеш.
У полі душэўным:
што ўкінеш, тое і маеш.
Хто працуе — не баіцца голаду.

Хто шчодра засявае душу,
той сапраўдны багацей.

Але ж чаму, Госпадзе,
мы бедныя на добрыя справы?

Мо таму, што дбаем,
каб насыціць рот,
а не каб насыціць душу?

I чуецца голас Уладара:

даброты зямныя рабі так,
каб набыць даброты нябесныя.

I набліжайся да Мяне.
Я — Жыццё,
якое ніколі не заканчваецца.

Я — Святло,
якое ніколі не затухае,

Я — Сіла,
якая ніколі не слабее,

Я — Мудрасць,
якая ніколі не падвядзе,

Я — Прыгажосць,
якая ніколі не блякне,

Я — Крыніца,
якая ніколі не перасыхае.

Дзеткі мае, усе добрыя людзі!

Засявайма душы свае семем,

якое дае Тварэц.
Засявайма шчодра штодня —
пажнём мір, спакой, надзею, радасць.
Амін.
 

ТЭКСТ: УЛАДЗІМІР ЛІПСКІ ІЛЮСТРАЦЫЯ: ЛІЗАВЕТА СУБАЧ